Пасяджэнне, прысвечанае Яну Паўлу ІІ і яго навучанню аб культуры, прайшло ў сядзібе ЮНЕСКА |
15.02.2013 14:27 |
У сядзібе ЮНЕСКА ў Парыжы 13 лютага прайшло навуковае пасяджэнне на тэму «Ян Павел ІІ і яго навучанне аб культуры». Сярод удзельнікаў сустрэчы былі больш за 40 паслоў, акрэдытаваных пры ЮНЕСКА, і французскія іерархі на чале з арцыбіскупам Парыжа кардыналам Андрэ Вэн-Труа.
Удзельнікаў прывіталі назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ЮНЕСКА кс. прэлат Франчэска Фолла і старшыня Фонду Яна Паўла ІІ кардынал Станіслаў Рылка. Сярод прысутных быў і прафесар Кшыштаф Зануссі, які ўзгадаў пра свае сустрэчы з Янам Паўлам ІІ.
Як інфармуе агенцтва КАІ, на сустрэчы разглядалася стаўленне Яна Паўла ІІ да феномену шматкультурнасці, значэнне і роля евангельскіх каштоўнасцяў у сучаснай культуры, адносіны паміж эканомікай і інтэгральным развіццём чалавека, роля моладзі ў лабірынтах сённяшняй культуры, годнасць жанчыны ў навучанні Вялікага Папы.
Па словах удзельнікаў, пасяджэнне паспрыяе таму, каб глядзець на праблемы сучаснай культуры з перспектывы Евангелля, якое абвяшчае любоў і клопат пра чалавека, чаму і вучыў Ян Павел ІІ. (AG)
|