Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Старшыня епіскапату Францыі: мы хочам быць для людзей сведкамі надзеі
22.04.2013 14:40

«У той час, калі многія нашы суайчыннікі глыбока заклапочаны сваёй будучыняй, мы хочам быць для іх сведкамі надзеі», — сказаў кардынал Андрэ Вэн-Труа на закрыцці асамблеі біскупаў Францыі, якая адбылася ў Парыжы. Выступленне стала апошняй прамовай арцыбіскупа Парыжскага ў якасці старшыні епіскапату краіны, які з 1 ліпеня саступіць гэтую пасаду біскупу Жоржу Полю Панцье.

«Мы ведаем сумленных і шчырых палітыкаў, натхнёных глыбокімі перакананнямі, у якіх ёсць мужнасць абараняць іх, нават калі гэта каштуе многага. Мы ведаем людзей, натхнёных клопатам аб агульным дабры», — адзначыў іерарх, словы якога прыводзіць руская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

Кажучы пра сем’і і моладзь, якія шукаюць рэалізацыі свайго жыцця, кардынал сказаў: «Мы хочам падтрымаць гэтых мужчын і жанчын у сведчанні Евангелля».

Згадваючы пра сацыяльныя праблемы, іерарх падкрэсліў: «Мы не можам быць на баку грамадскіх дзеянняў, накіраваных на дэстабілізацыю палітычнай улады. Наша місія ў свеце не мае нічога агульнага з фанатызмам. Ніякае дзеянне, абумоўленае нянавісцю, ніякае дзеянне, што стварае нянавісць, не можа прэтэндаваць на Евангелле».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.