Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч у Багданаве: свята свв. Арханёлаў павінна схіліць нас да большай малітвы анёлам і да абароны веры
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
29.09.2012 19:00

29 верасня Касцёл адзначае свята св. Міхала Арханёла (апекуна Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі) і свв. Арханёлаў Габрыэля і Рафала. У гэты дзень Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў урачыстую святую Імшу ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Багданаве.

У гаміліі Мітрапаліт узгадаў пра сутнасць анёлаў: «Анёлы — гэта духоўныя істоты, якія маюць розум і вольную волю, але не маюць цела. Яны вядуць барацьбу з сіламі зла і дапамагаюць чалавеку на яго шляху да збаўлення. Таму можна сказаць, што яны жывуць і дзейнічаюць на стыку двух светаў — нябачнага і бачнага. Іх заданні выражаны ў іх імёнах». Імя Міхал азначае «хто ж як Бог», Габрыэль — «Бог моцны», Рафал — «Бог лечыць».

Арцыпастыр нагадаў біблейскі аповед, паводле якога св. Міхал з воклічам «Хто ж як Бог» выступіў супраць збунтаванага Люцыфера і перамог. «Як пераможца варожых у дачыненні да Бога і Касцёла сілаў, ён дапамагае людзям у барацьбе са злом. У многіх краінах Захаду падчас ганенняў на Касцёл у Савецкім Саюзе пасля Імшы чыталася малітва да св. Міхала Арханёла ў інтэнцыі пераследуемага Касцёла», — дадаў іерарх.

Арханёл Габрыэль са Святога Пісання вядомы як пасланец Божай волі, які абвясціў Панне Марыі, што яна стане Маці Збаўцы. Арханёл Рафал вядомы са Старога Запавету як той, які суправаджаў у падарожжы маладога Тобія і дапамагаў яму, а таксама вылечыў яго бацьку. Таму «менавіта праз Рафала праявілася лечачая моц Бога, і ён лічыцца апекуном хворых і падарожнікаў».

«Як сучасны чалавек, які разлічвае толькі на свае сілы, павінен успрымаць анёлаў? Ці яны яму яшчэ патрэбныя?» — над такімі пытаннямі Мітрапаліт Кандрусевіч прапанаваў паразважаць вернікам. Гісторыя, падкрэсліў іерарх, «не аднойчы паказала, што чалавеку патрэбна Божая дапамога, што сваімі сіламі ён не зможа вырашыць праблемы».

Сучасны свет, працягваў Мітрапаліт, «усё больш і больш адыходзіць ад Бога» і «падобны да збунтаваных анёлаў». У такой сітуацыі «Арханёл Міхал вучыць нас, каб мы паўтарылі яго словы: „Хто ж як Бог“» і «пацвердзілі, што вышэй за Бога няма нікога і нічога».

Часам, адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч, «здаецца, што праблема не можа быць вырашана», і тады «пагроза з боку зла становіцца вельмі небяспечнай». У такіх выпадках «неабходна звяртацца да моцы Божай, што нясе Арханёл Габрыэль», які «і сёння стаіць каля нас, як стаяў калісьці каля Марыі, і кажа, што ў Бога няма рэчаў немагчымых».

«Наступствы дзейнасці злога духа праяўляюцца ў хваробах цела і душы. Гэта найчасцей наступае з-за выбару стылю жыцця без Бога і Яго закону», — дадаў Мітрапаліт. У час хваробы, падкрэсліў арцыпастыр, людзі спяшаюцца да ўрача, а «Арханёл Рафал, праз якога праявілася Божае аздараўленне, вядзе нас да Бога, які лечыць і вяртае поўню жыцця».

Мітрапаліт Кандрусевіч звярнуў увагу на тое, што «свята святых Арханёлаў і асабліва Арханёла Міхала, апекуна парафіі ў Багданаве, павінна схіліць нас да большай малітвы да анёлаў, як Божых пасланцаў і тых, хто дапамагае чалавеку ў яго вандроўцы да паўнаты збаўлення» , а таксама павінна «натхніць нас быць сучаснымі Міхаламі, каб мужна бараніць нашу веру і дапамагаць іншым перамагчы зло; быць Габрыэлямі, каб паказаць свету Божую моц і згодны з Божай воляй шлях выхаду з цяжкай сітуацыі; быць Рафаламі, каб дапамагаць людзям у зямной пілігрымцы, лячыць іх добрым словам і прывесці да нябеснага лекара».

Поўны тэкст гаміліі тут>>>

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме