Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачыстасць святога Міхала Арханёла ў Багданаве: дабром супрацьстаяць злу
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
02.10.2012 14:22

Сёлетнюю ўрачыстасць святога Міхала Арханёла вернікі багданаўскай парафіі перажывалі разам з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Папярэднічала гэтай урачыстасці трохдзённая духоўная падрыхтоўка — 40-гадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.

У кожны з гэтых дзён — 26, 27 і 28 верасня — адарацыя распачыналася пасля ранішняй святой Імшы ў 8.00 і працягвалася да 21.00. Трывалі ў чуванні перад Святой Гостыяй жыхары розных вёсак парафіі. Па чарзе вернікі на чале з рознымі малітоўнымі групамі, у першую чаргу ружанцовымі коламі, змянялі адно аднаго. У апошні дзень на малітве трывалі тыя, хто не здолеў прыйсці на вызначаны дзень. Супольная малітва вельмі з’яднала парафію духоўна, а атрыманыя ласкі, напэўна, кожны пазнае з часам.

На ўрачыстасць сабралася шмат вернікаў. Прыехалі госці з суседніх парафій. Прыбылі і вернікі з мінскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля, каб далучыцца да малітвы і наведаць свайго былога пробашча кс. Ігара Лашука SDB.

Багданаўскія вернікі горача віталі і былога пробашча кс. Станіслава Лугоўскага, які дапамагаў духоўна перажыць 40-гадзіннае набажэнства. Радасць парафіянаў была асаблівая і тым, што арцыпастыр упершыню прыбыў на парафіяльнае свята. Хоць сёлета Мітрапаліт ужо ў другі раз наведваў багданаўскую парафію (у чэрвені адбыўся сакрамэнт канфірмацыі), аднак радасць вернікаў была нязмерная.

Людзі шчыра дзякавалі ўсемагутнаму Богу і свайму нябеснаму заступніку за мноства ласк і магчымасць маліцца разам з арцыпастырам. Мітрапаліта віталі хлебам-соллю, а ў касцёле яго сустрэлі наймалодшыя парафіяне.

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў моц заступніцтва анёлаў на зямным шляху чалавека. Нагадаў пра іх дзейнасць на працягу гісторыі збаўлення. Мітрапаліт указаў таксама на новыя выпрабаванні для веры, якія нясе сучасны свет і ў змаганні з якімі чалавек, што просіць заступніцтва Арханёла Міхала, не застанецца адзін. Хрысціяне, як падкрэсліў іерарх, моцай сваёй веры і годнымі ўчынкамі павінны супрацьстаяць злу, якое адбываецца ў свеце; сваімі цнотамі павінны супрацьстаяць бензапілам у руках людзей, для якіх няма нічога святога.

Пасля святой Імшы адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і эўхарыстычная працэсія. На заканчэнне свята ўсе праспявалі гімн «Цябе, Бога, праслаўляем».

aДаведка

На сучасным этапе на тэрыторыі парафіі пражывае каля 850 чалавек. З іх каля 750 належаць да рыма-каталіцкага веравызнання. Нядзельныя святыя Імшы наведвае каля каля 50% вернікаў.

(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме