Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела |
Іерархі |
12.06.2017 08:55 |
Дарагія браты і сёстры! 18 чэрвеня ў чарговы раз будзем перажываць агульнамагілёўскую ўрачыстасць Божага Цела, якая стане для магілёўскіх католікаў магчымасцю публічна вызнаць сваю веру ў прысутнасць Хрыста пад відам хлеба і віна. Урачыстасць распачнецца святой Імшой у 11.00 у катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Станіслава з удзелам Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра, а таксама святароў, кансэкраваных асобаў, дзяцей і вернікаў Магілёва.
Пасля святой Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт у працэсіі будзе пранесены з касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Св. Станіслава па вуліцы Лазарэнка да каталіцкіх могілак у капліцу св. Антонія. Як і прадугледжвае рытуал, працэсія зробіць чатыры прыпынкі, каб паслухаць Божае Слова і благаславіць наш горад і вернікаў. Сардэчна запрашаю ўсе парафіяльныя супольнасці Магілёва і ўсіх людзей добрай волі на праслаўленне Эўхарыстычнага Хрыста! |