Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адбылася калядная сустрэча Мітрапаліта Кандрусевіча з дзецьмі мінскіх парафій
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
26.12.2009 18:06

26 снежня 2009 г. у мінскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля (Серабранкаўскі дэканат) адбылася калядная сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з дзецьмі мінскіх парафій. Мерапрыемства распачалося цэлебрацыяй святой Імшы, якую ўзначаліў арцыпастыр.

Падчас гаміліі, што праходзіла ў форме пытанне-адказ, Мітрапаліт звяртаўся да дзетак, якія з радасцю цягнулі рукі ўверх, каб выказаць сваю думку і пахваліцца сваімі ведамі. Жаданне не застацца незаўважаным давала дзеткам спрыт, каб бліжэй падабрацца да біскупа. Тым больш, што свайго арцыпастыра многія ўжо добра ведаюць і вельмі чакалі на гэтую сустрэчу. Як аказалася, дзеткі добра ведаюць, якое свята ў гэтыя дні святкуе Каталіцкі Касцёл, хто такі Збаўца і дзе ён нарадзіўся, ведаюць таксама і тое, што 26 снежня Касцёл адзначае ўспамін святога Стэфана, першамучаніка. Мітрапаліт, між іншым, пацікавіўся ў дзяцей, ці добрыя яны сыны, дочкі, браты і сёстры, сябры і, безумоўна, хрысціяне. На гэтае пытанне кожны адказваў станоўча, хоць, можа, і задумаўся на момант над тым, дзе яму варта выправіцца і стаць лепшым.

Пасля святой літургіі ўсе накіраваліся ў парафіяльны Моладзевы цэнтр імя св. Яна Боска, дзе арцыбіскуп, прысутныя святары, а таксама бацькі, дзядулі і бабулі паглядзелі сцэнку пра Божае Нараджэнне ў выкананні самых маленькіх. Завяршылася прадстаўленне, і дзеткі з нецярплівасцю чакалі, калі змогуць падзяліцца аплаткам са сваім арцыпастырам, які таксама заўсёды з радасцю далучаецца да іх вясёлай і гаманлівай кампаніі.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме