Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Падзеі года: Топ-10 ад Сatholic.by
Беларусь
02.01.2013 11:17
Беларускамоўны брэвіярый, асвячэнне капліцы Божага Цела ў Мінску, Першы чэмпіянат па міні-футболе сярод святароў, перэгрынацыя копіі абраза Маці Божай Будслаўскай... Сёлетні год увойдзе ў гісторыю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі шэрагам знакавых падзей і здарэнняў. 
 
Рэдакцыя партала Catholic.by прааналізавала найбольш гучныя навіны 2012 года і склала свой ТОП-10 з жыцця Касцёла ў Беларусі.
 
1. Падзея года — Першы кангрэс каталіцкіх СМІ ў Беларусі (жнівень 2012). Журналісцкі форум у Гродне, на якім працаўнікі каталіцкіх СМІ дзяліліся вопытам і абмяркоўвалі шляхі супрацоўніцтва, сабраў прадстаўнікоў вядучых сродкаў масавай камунікацыі Беларусі, а таксама экспертаў з-за мяжы. І хоць медыяпадзея такога маштабу ў Беларусі была арганізавана ўпершыню, яе праца прынесла вялікі плён. 
 
У ліку іншых знакавых падзей года варта назваць прывоз у Беларусь і экспазіцыю Бібліі Скарыны з партрэтам першадрукара, распачацце Года веры, выданне кнігі «Святое Евангелле» на беларускай мове, Першы чэмпіянат па міні-футболе сярод святароў.
 
2. Учынак года — сустрэча Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці са зняволенымі некаторых турмаў Беларусі (верасень 2012). У гэтай жа намінацыі — наведванне Нунцыем урочышча Курапаты, дзе іерарх маліўся за ахвяраў войнаў і рэпрэсій.
 
3. Асоба года — Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Асобна варта вылучыць медыйную персону года — арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які, паводле згадак у СМІ, з вялікім адрывам лідзіруе сярод астатніх іерархаў у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі.
 
4. Кніга года — беларускамоўны том «Літургіі гадзінаў» і кніга «Святое Евангелле» на беларускай мове (лістапад-снежань 2012). Выданне гэтых кніг, якія вернікі чакалі больш за 20 гадоў, стала магчыма дзякуючы працы Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
 
5. Узнагарода года — уручэнне папскіх медалёў за ўклад у развіццё Касцёла (снежань 2012). Упершыню ў гісторыі Касцёла ў Беларусі ганаровыя папскія медалі былі ўручаны свецкім асобам. Узнагароды атрымалі Аліна Новікава, Крыстына Лялько і Іван Гумоўскі.
 
6. Прызначэнне года — прызначэнне дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонія Дзям’янкі на пасаду ардынарыя Пінскай дыяцэзіі (май 2012).
 
7. Дэбют года — сайт Catholicnews.by (снежань 2012). Новы «гулец» у інфармацыйнай прасторы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі — электронная версія газеты «Каталіцкі веснік», на сайце якой, акрамя падзей з Віцебскай дыяцэзіі, асвятляюцца таксама навіны Касцёла ў Беларусі, Ватыкана і замежжа.
 
8. Турнір года — Першы чэмпіянат Беларусі па міні-футболе сярод святароў (лістапад 2012). Спартыўны турнір, у якім прынялі ўдзел шэсць каманд (па адной з кожнай дыяцэзіі і дзвюх духоўных семінарый), паказаў, які з беларускіх рэгіёнаў больш спартыўны за іншыя. Зрэшты, турнір сярод святароў па міні-футболе ў гэтым годзе толькі дэбютаваў: хто ведае, магчыма новы сезон прынясе нам футбольную «Сенсацыю года»?
 
9. Інтэрактыў годасуполка «Каталікі Беларусі» ў сацыяльнай сетцы Facebook. Удзельнікі суполкі абмяркоўваюць у сеціве найбольш хвалюючыя навіны з жыцця Касцёла ў Беларусі і за мяжой. Сёння ў шэрагах групы — амаль 800 чалавек, сярод якіх як свецкія, так і кансэкраваныя асобы. Сярод іншых намінантаў у гэтай катэгорыі — Skype-канферэнцыі пад кіраўніцтвам кс. Андрэя Рылкі, асноўнае прызначэнне якіх заключана ў онлайн-абмеркаваннях актуальных пытанняў, якія турбуюць вернікаў.
 
10. Забабон года — прагноз пра канец свету (снежань 2012). «Усе, хто баіцца, што 21 снежня наступіць канец свету, могуць перапісаць сваю маёмасць на карысць мясцовага Касцёла, — трапна выказаўся на гэты конт біскуп з Чылі Бернанда Бастрэс. — Абяцаю, што пасля 21 снежня будзем шчыра маліцца за іх».
 
Як бачым, свет пасля 21 снежня 2012 нікуды не знік і недарэчны прагноз такім чынам цалкам апраўдаў сваю намінацыю. Наперадзе — новы год, які прынясе Касцёлу ў Беларусі новыя навіны, а значыць ТОП-падзей папоўніцца налета новымі намінацыямі. Да сустрэчы, сябры. Заставайцеся з Богам!
 
Калектыў партала Catholic.by 
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.