Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Выдадзена «Святое Евангелле» на беларускай мове
Беларусь
29.12.2012 16:36

Выдадзена «Святое Евангелле» на беларускай мове. Кніга змяшчае тэксты чатырох кананічных Евангелляў (паводле Мацвея, Марка, Лукі і Яна). Перад кожным Евангеллем падаецца кароткі ўступ, які распавядае пра гісторыю ўзнікнення Евангелля і яго адметнасці. У дадатку кнігі змешчаны каляровыя мапы Палестыны і Ерузалема ў часы Езуса Хрыста.

Пераклад Евангелляў здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Кніга падрыхтавана да друку ў выдавецтве «Pro Christo».

Кнігу «Святое Евангелле» можна набыць у выдавецтве «Pro Christo» або кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25).

З Уводзінаў да кнігі «Святое Евангелле»

Каталіцкі Касцёл, натхнёны словамі місійнага наказу Езуса Хрыста, нястомна прапаведаваў Яго Евангелле ва ўсіх кутках свету. Неабходнасць перакладу Бібліі з арыгінальных моў на нацыянальныя мовы падкрэсліў Другі Ватыканскі Сабор.

Падставай для перакладу гэтага выдання чатырох Евангелляў на беларускай мове з’яўляецца крытычнае выданне Новага Запавету: Novum Testamentum Graece et Latine (Nestle-Aland), ed. B. Aland et K. Aland, J. Karavidopoulos, C. Martini, B. Metzger, Stuttgart 2002. Гэтае крытычнае выданне падае не толькі тэксты паводле найстарэйшых і найлепшых рукапісаў (кодэксаў), але і іншыя важныя дапаможныя матэрыялы для ўстанаўлення арыгінальнай формы натхнёнага тэксту. У афармленні тэксту Евангелляў і ў працы над перакладам выкарыстоўвалася таксама «Новая Вульгата» (Nova Vulgata. Bibliorum Sacrorum. Editio typica altera).

Евангеллі — гэта не толькі гістарычнае апавяданне пра жыццё Езуса Хрыста. У першую чаргу яны даюць адказ на канкрэтныя пытанні веруючых, да якіх былі адрасаваныя. Узнікненне Евангелляў было абумоўлена клопатам аб тым, каб пра Езуса і Яго вучэнне пачулі ўсе, хто чакаў добрай навіны пра збаўленне. Першай умовай для зразумення сэнсу біблійных кніг з’яўляецца вера ў тое, у што верыць Касцёл. Заключаецца гэта ў прыняцці праўды, што Святое Пісанне з’яўляецца натхнёным і скіраваным да нас Божым словам.

Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў
і афіцыйных дакументаў Касцёла
Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.