Віктар Малышчыц — той самы астраном, відэаролік якога днямі ўскалыхнуў увесь байнэт. За два дні яго работу «БЕЛАРУСЬ: у абдымках зорак» паглядзела ўжо каля 40 тысяч (!) чалавек. Пра нечаканую славу, любімую сям’ю і незвычайнае хобі Віця — практыкуючы католік — распавёў у інтэрв’ю для Catholic.by.
Дзіцячыя і школьныя гады будучага астранома Віці Малышчыца прайшлі ў Глыбокім. Хлопчык не ведаў, кім стане, калі вырасце. Але на любімае пытанне дарослых, адказваў шчыра: «кіроўцам аўтобуса». Пазней мроі аб дарозе змяніліся думкамі пра журналісцкі хлеб, але ў выніку перамагла любоў да фізікі. Юнак падаўся ў БДУ, каб вывучаць ядзерную фізіку… — Віця, апошнія дні пра твой ролік усе толькі і гавораць. Ці ты думаў, што так будзе? — Выкладаючы ролік у сеціва, я хацеў паказаць той матэрыял, над якім я працаваў апошнія паўгады. І мне вельмі прыемна, што людзям спадабалася (усміхаецца — Аўт.). Віцін тэлефон не змаўкае: тэлефануюць як цікаўныя журналісты, так і проста неабыякавыя людзі, якім ролік запаў у сэрца. — Гэтыя дні толькі і раблю, што адказваю на паведамленні ад тых, хто паглядзеў гэта відэа, — сціпла аджартоўваецца малады астраном. — Нават з тэлебачання нядаўна прыязджалі… Віця трымаецца ўпэўнена, але бачна, што звышувага яго трошкі бянтэжыць, хоць віду ён і не паказвае. Мужчына прызнаецца, што відэаролік пра зоркі — яго дэбют. Да гэтага, як жартуе фатограф, былі толькі яблыкі (камерцыйныя замовы фірмаў-вытворцаў соку — Аўт.). — Раскажы, як ты стварыў такую прыгажосць? — Кожны фрагмент, бачны на відэа, я здымаў на шырокавугольны аб’ектыў. Адзіночныя здымкі нічога не даюць, таму здымкаў рабіў шмат, каб пасля скласці іх у адно. Але куды больш важнымі былі правільныя наладкі ў маёй камеры, а таксама надвор’е. Я стараўся працаваць уначы пры ясным надвор’і. Застаць такую ноч у нашых шыротах няпроста: узімку ночы доўгія, праясненні бываюць рэдка. Улетку наадварот: надвор’е цудоўнае, але ночы кароткія. Хочаш паспець як найбольш, а трапляеш толькі на 5 секунд: зняў — і дадому, бо пачынае світаць і зорак ужо не бачна. Усяго так выехаць удалося разоў з дваццаць. {gallery}2013-01-25-malushchyc{/gallery} — Атрымліваецца, адзін кадр — адна бяссонная ноч? — Можна сказаць і так (смяецца — Аўт.). Здаралася, што гадзіны тры здымаеш і з ўсяго гэтага атрымліваецца шэсць секунд відэа… У канчатковым варыянце ў ролік з гэтых шасці секунд увойдзе толькі чатыры. Усяго для роліка я зрабіў тысяч дваццаць кадраў, у выніку ж у ролік пайшло тысяч пяць, бо штосьці быў вымушаны апусціць. — Большасць кадраў ты рабіў уначы. А як ішла справа з аб’ектамі, якія ў цёмны час падсвечваюцца штучным святлом? — Памятаю, ехаў у Сынкавічы і ведаў, што там царква стаіць у полі асобна ад вёскі. Думаю, вось зорак будзе! (усміхаецца — Аўт.). І што ўбачыў: святыню асвятляе магутны пражэктар… Давялося здымаць тую частку царквы, якая не была асвечана пражэктарам. Увогуле, я стараўся выбіраць аб’екты для здымак дзе-небудзь у вясковый цішы, бо ў горадзе шмат ліхтароў і засветкі — зорак не ўбачыш. Большасць са знятых мною аб’ектаў — каталіцкія святыні. Рэч у тым, што ў Беларусі больш велічных помнікаў архітэктуры захавалася ў каталіцызме. Былі, вядома, шэдэўры і праваслаўнай архітэктуры, але большасць з іх знішчылі ў часы вайны. Тыя цэрквы, што ўцалелі, сёння знаходзяцца пераважна ў гарадах. Самы любімы кавалак Беларусі для мяне — паўночна-заходні край, ад Браслава да Гародні — прыгажэй мясцінаў, здаецца, проста і быць не можа. Менавіта туды часцей і выязджаў. Тата, мама, я... Усе часткі будучага роліка разам з мужам уважліва праглядала, даючы ацэнку, і жонка Насця. Па прызнанні Віктара, жонка для яго — галоўны крытык. {gallery}2013-01-25-malushchyc-fam{/gallery} Пазнаёміліся яны выпадкова, падчас пілігрымкі ў Будслаў — разам шукалі начлег. «У адных гаспадароў начавалі — так і пазнаёміліся (усміхаецца — Аўт.). Вось так будучы шлюб атрымаўся асвечаным Маці Божай». У сям’і Малышчыцаў ужо ёсць дзіцятка — трохгадовая Анечка. Дзяўчынка была чаканай, але, на жаль, нарадзілася раней тэрміну. Дыягназ быў несуцяшальны: цэрэбральны параліч… «Зараз у Будслаў ездзім ўсёй сям’ёй, — ўзгадвае тата. — І ўжо не раз былі…» «А яшчэ мая Насця спявае ў хоры. Падчас рэпетыцыяй я сяджу з дачушкай, а на Імшы, калі спявае хор, я з нашай прыгажуняй слухаю спеў унізе», — Віця з такой пяшчотай расказвае пра дачушку — ажно сэрца сціскаецца — так любіць сваю крывінку малады тата. І бачна, што гэта любоў не толькі яго, але і жонкі. А яшчэ, як расказаў Віця, іх дачка вельмі любіць фатаграфавацца ўсёй сям’ёй. Каб і мама, і папа былі бачныя. *** «Туманнасць Андрамеды я здымаў у полі пад Валожынам». Вызначаючы сваю прафесійную прыналежнасць, Віця называе сябе астраномам і фатографам адначасова. Фатограф і астраном з дыпломам «фізіка-ядзершчыка». — Гэта праўда, што з такім дыпломам ты можаш працаваць на АЭС? — Зараз не магу, але мог бы. Пасля пятага курса мне прапаноўвалі яшчэ давучвацца, пасля прайсці стажыроўку і працаваць у нас на АЭС. Мая спецыяльнасць якраз падыходзіць. Але пакуль што я проста выкладаю ва ўніверсітэце, а ў адной з гімназій вяду факультатыў па астраноміі. Астранамічны тэлескоп у Віці свой і гэта вельмі зручна. Як кажа мужчына, «тэлескоп у машыну закінуў, вучняў пасадзіў — і паехалі глядзець на неба». Прысвяціўшы не адзін год назіранню за нябеснымі свяціламі, Віця прызнаецца, што сваёй працай над ролікам задаволены: «Хоць неба ў Беларусі і не самае прывабнае (у паўднёвых краінах, напрыкад, магчымасцяў убачыць рознае неба больш), пра яго дагэтуль ніхто нічога не здымаў. Здымалі пра Беларусь, асобна — пра неба, а каб пра «Беларусь пад небам» — ніхто, — усміхаецца астраном, — Многія не бачаць, як прыгожа ўначы на небе, а мы, астраномы, гэта бачым. Вядома, хочацца ж усім расказаць (усміхаецца — Аўт.)». — Што падчас назіранняў за небам уражвае найбольш? Калі глядзіш у тэлеском, заўважаеш шмат вядомых і цікавых аб’ектаў: зорныя скапленні, туманнасці, галактыкі… Велізарную асалоду атрымліваеш, калі ты разумееш: фатоны, трапляючы ў тваё вока, даходзяць можа праз некалькі мільёнаў светлавых гадоў. І ты гэта бачыш! Яны палову сусвета прайшлі, каб ты мог убачыць. Шчыра кажучы, у астраномаў-аматараў адна вось радасць — убачыць (смяецца — Аўт.). Ёсць у Віці і свой гонар — астраздымак туманнасці Андрамеды, фота якой ён зрабіў пад Валожынам. Пакуль гэта яго першы астраздымак. Але мужчына спадзяецца на працяг. «Астраномію называюць самай старажытнай навукай, — падсумоўвае астраном-фатограф. —Астранамічныя падзеі прысутнічаюць і ў Бібліі, вучоныя спрабуюць іх растлумачыць. Узяць тую ж Бэтлеемскую зорку. Цалкам магчыма, што яна была звязаная са з’яўленнем якойсці каметы. Некаторыя астраномы мяркуюць, што гэтай зоркай магла быць камета Галея. Я ў сваю чаргу часта прыкмячаю, што менавіта яе контуры малююць пры ўладкаванні стаенак у парафіях...” Гутарыў Ілья Лапато OCDS
|