Для многіх хрысціян з’яўляюцца не да канца зразумелымі словы св. Паўла «ўсякая ўлада ад Бога». Ці можна пагадзіцца з гэтым выказваннем? Ці сапраўды ад Бога былі Сталін і Гітлер і многія іншыя крывавыя і несправядлівыя дыктатары? Цікава, што свае словы пра неабходнасць падпарадкавання ўладам і шанавання іх св. Павел пісаў у часы пераследу з боку імператара Нерона. Няўжо Апостал заклікаў падпарадкоўвацца таксама і гэтаму тырану, які вінаваты ў смерці многіх хрысціян? Што ён хацеў сказаць вызнаўцам Хрыста? Пра гэта мы пагаворым сёння.
(7Мб)
Гаворачы пра важнасць «кожнай улады», св. Павел выказаў думку, якая прасякае сабой усё Святое Пісанне. Бог стварыў сусвет з пустэчы і ўстанавіў у ім пэўны парадак. Ён не пакінуў свет у хаосе, але для яго лепшага функцыянавання стварыў розныя формы ўлады. Ён пацвердзіў уладу чалавека над прыродай, мужа над жонкай, бацькоў над дзецьмі, валадара над народам. Менавіта пра гэта кажа Апостал.
Любая ўлада сама па сабе неабходна для агульнага дабра: без яе каардынацыйнай ролі немагчыма ўпарадкаванае і мірнае суіснаванне паміж людзьмі. Улада паклікана чыніць справядлівасць у канфліктных сітуацыях, бараніць правы ўсіх і кожнага, асабліва самых бедных і безабаронных. Гора таму народу, у якога няма ўлады. Прыклады такіх краін мы ведаем таксама і сёння: дастаткова паглядзець на сітуацыю ў многіх афрыканскіх краінах. Такім чынам, для кожнага грамадства ўлада з’яўляецца важнай і натуральнай. Яе саму адносяць да натуральнага права – права, якое ўстаноўлена самім Богам.
Аналізуючы выказванне св. Паўла «няма ўлады не ад Бога», трэба быць уважлівымі: калі Бог вырашыў, што чалавечае грамадства павінна каардынавацца ўладай, то нельга прыпісваць Божай волі тое, што на чале грамадства становіцца той ці іншы канкрэтны чалавек. Святы Ян Златавусны пісаў: «Што кажаш ты? Можа быць, кожны асобны валадар пастаўлены Богам? Не, я гэтага не кажу: тут гаворка ідзе не аб кожным валадары ў асобнасці, але аб валадаранні самім па сабе. Тое, што існуе ўлада і што існуюць тыя, хто загадваюць і падпарадкоўваюцца, не выпадкова, але паводле Божага Провіду».
Такім чынам, варта адрозніваць уладу і спосабы яе рэалізацыі канкрэтнымі людзьмі. Існаванне таго ці іншага валадара можа залежаць зусім не ад волі Бога, але ад канкрэтнага і часам памылковага рашэння людзей. Тое самае можна сказаць і пра палітычныя рэжымы, якія скажаюць прыроду ўлады. Іншымі словамі, калі сама ўлада – ад Бога, то нельга сцвярджаць, што той ці іншы палітычны рэжым паходзіць ад Створцы і падабаецца Яму.
А як адрозніць уладу, якая падабаецца Богу, ад той, якая не падабаецца? Канешне, па плёнах – па законах, па прыярытэтах і настаўленнях, якія робіць улада. Калі распараджэнні ўлады правамерныя, то паслухмянасць ім адпавядае паслухмянасці Богу. Але калі распараджэнні ўлады несправядлівыя, то іх, безумоўна, нельга прыпісваць Богу і нельга ім падпарадкоўвацца.
На працягу гісторыі існавала шмат прыкладаў, калі хрысціяне адмаўляліся падпарадкоўвацца несправядлівым прадпісанням уладаў. Тут можна ўзгадаць пра першых хрысціян, якія адмаўляліся ўшаноўваць дзяржаўныя язычніцкія культы. Гэта лічылася злачынствам супраць дзяржавы, здрадай і каралася смерцю. Але нават нягледзячы на пераслед, вернікі не ішлі супраць свайго сумлення, бо былі ўпэўнены, што не павінны аддаваць пашану паганскім бажкам – гэта супраць волі Бога. Таксама ў часы Другой сусветнай вайны многія нямецкія хрысціяне не выконвалі несправядлівыя загады гітлераўскіх уладаў і нават удзельнічалі ва ўзброеным падполлі – выступалі супраць уладаў.
Калі законы ўлады і прадпісанні супярэчаць волі Бога, яны не носяць абавязковага для сумлення хрысціян характару, бо «трэба слухацца Бога больш, чым людзей». У такім выпадку ўлада перастае быць уладай, а ператвараецца ў насілле над чалавекам і грамадствам.
Тыя, хто несправядліва кіруюць людзьмі, выкарыстоўваюць уладу для сваіх вузкіх інтарэсаў і свядома наносяць шкоду развіццю народаў, не падабаюцца Богу і паводле кнігі Мудрасці Саламона павінны будуць адказаць па ўсёй строгасці: «Дык вось, слухайце, валадары, і разумейце, навучыцеся, суддзі канцоў зямлі! (...) Ад Пана вам дадзена ўлада, і сіла ад Найвышэйшага, які сочыць за вашымі справамі і выпрабоўвае вашы намеры. Бо вы, будучы слугамі Яго валадарства, не судзілі справядліва, не выконвалі закона і не паступалі паводле волі Божай. Страшна і хутка Ён явіцца вам – строгім будзе над тымі, хто кіруе».
Такім чынам, відавочна, што словамі св. Паўла «няма ўлады не ад Бога» нельга апраўдаць несправядлівыя палітычныя сістэмы ці дзейнасць дыктатараў. Гэтыя словы адносяцца да самога інстытуту ўлады, які з’яўляецца вельмі важным і неабходным.
(7Мб)
Аляксандр Панчанка
tt
Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va