Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сакрамэнт канфірмацыі і асвячэнне табліцы ў гонар Людвікa Нарбутa адбыліся ў Лідзе
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
22.04.2013 10:55

21 красавіка ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе падчас урачыстай святой Імшы адбылося прыняцце сакрамэнту канфірмацыі з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча. Таксама ў гэты дзень перад касцёлам была адкрыта памятная табліца, прысвечаная Людвіку Нарбуту — аднаму з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гг.

На ўрачыстасці прысутнічалі святары і Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Андрэй Хадкевіч.

Людвік Нарбут, кіраўнік лідскага атраду паўстанцаў, загінуў пад Дубічамі 5 мая 1863 г.

Будаўніцтва касцёла піяраў у Лідскім павеце пачалося ў 1794 годзе і завяршылася ў 1825. У 1842 г. святыня згарэла, была адноўлена толькі праз 20 гадоў і перададзена Праваслаўнай Царкве. У 1919 годзе яго зноў вярнулі католікам, а ў 60-х гг. тут размясціўся планетарый. У 1996 г. святыня стала праваслаўным кафедральным саборам Архістратыга Міхаіла.

Раней на фасадзе святыні знаходзілая мемарыяльная дошка ў памяць выпускніка школы піяраў Людвіка Нарбута, ураджэнца Лідчыны. Яна была зроблена і ўрачыста ўсталявана ў 1938 г. 17 ліпеня 1996 г. табліцу знялі, і яна захоўвалася вернікамі ад знішчэння. Цяпер жа пры новаадбудаваным касцёле піяраў у Лідзе яна зноў знайшла сваё месца.

У рэлігійным жыцці павінна адбывацца пастаяннае духоўнае развіццё і ўдасканаленне. Спачатку мы атрымліваем сакрамэнт хросту, потым першы раз запрашаем у сваё сэрца Езуса падчас Першай святой Камуніі і толькі потым, калі разумеем, што сапраўды хочам быць з Хрыстом, атрымліваем сакрамэнт канфірмацыі.

Вернікі лідскай парафіі рыхтаваліся да прыняцця гэтага сакраманту вельмі старанна. Кожны імкнуўся спазнаць нешта новае ў Хрысце, знайсці адказы на цяжкія пытанні, звязаныя з рэлігійным жыццём, адчуць, што сапраўды хоча быць сведкам Хрыста, жыць Евангеллем і рэалізоўваць яго ў сваім жыцці. З дапамогай пробашча кс. Яна Асіповіча гэта сапраўды атрымалася. Праведзеныя заняткі і рэкалекцыі далі магчымасць зразумець, што сакрамэнт канфірмацыі не толькі дае нам дары, але і накладае пэўную адказнасць.

У нядзелю, у самы важны момант, кандыдаты да прыняцця сакрамэнту хваляваліся. Аднак свята прайшло цудоўна: вернікі выходзілі з касцёла перапоўненыя радасцю, з усмешкамі. Кожнага, хто атрымаў у гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі, а таксама іх родных, не маглі не крануць словы гасцей парафіі, а асабліва словы біскупа Аляксандра Кашкевіча, які заўсёды клапоціцца пра нас, падтрымлівае і натхняе на служэнне Хрысту і жыццё паводле маральных і рэлігійных нормаў.

У жыцці лідскай парафіі гэта быў сапраўды асаблівы і выключны дзень. Парафіяне сталі яшчэ на крок бліжэй да неба і да Хрыста. Вельмі б хацелася, каб мы змаглі плённа выкарыстаць атрыманыя дары ў сваім штодзённым жыцці, каб сапраўды стаць «рыцарамі» Хрыста.

Кацярына Мурамская

 


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме