Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мінску прэзентавалі рарытэтную Біблію Скарыны са знакамітым партрэтам першадрукара
Беларусь
04.10.2012 18:59
Унікальны збор Бібліі — канвалют, які ўтрымлівае 11 кніг, выдадзеных Францішкам Скарынам у Празе (1517–1519 гг.) — прэзентавалі 4 кастрычніка на выставе, якая адкрылася ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Рарытэтны канвалют прыбыў у Беларусь з нямецкага горада Гёрліц, дзе быў знойдзены, і зараз захоўваецца ў Верхнялужыцкай навуковай бібліятэцы, вядомай сваімі гістарычнымі і архіўнымі матэрыяламі.
 
У Беларусі захоўваецца на сёння толькі адзін збор кніг Скарыны. Ён складаецца з 10 кніг Бібліі і быў набыты ў бібліятэцы Ленінграда ў 1925 годзе. Сёння гэты збор — адзін з каштоўнейшых у фондах Нацыянальнай бібліятэкі краіны. У прывезеным з Гёрліца канвалюце ўтрымліваюцца ўнікальныя кнігі Бібліі, якіх у Беларусі няма. Гаворка ідзе ў першую чаргу пра кнігу «Быццё» з агульным для ўсёй Бібліі гравіраваным тытульным аркушам, а таксама пра чатыры Кнігі Царстваў са знакамітым партрэтам першадрукара. Гэтыя кнігі, а таксама Пяцікніжжа Майсея і Кніга Ісуса Навіна, у Беларусі экспануюцца ўпершыню.
 
Паводле слоў дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Рамана Матульскага, Нацыянальная бібліятэка ўжо атрымала дазвол на сканіраванне рарытэтнага фаліянта, які, да слова, дайшоў да нашых часоў у выдатнай якасці.
 
«Вываз рарытэтнага канвалюта Скарыны за межы Германіі адбыўся ўпершыню, — канстатуе дырэктар Верхнялужыцкай навуковай бібліятэкі Маціяс Венцэль. — Гэта дэбют. Я не чакаў, але зацікаўленасць да прывезенай намі Бібліі ў Беларусі проста неверагодная. Я вельмі цешуся, што беларускія чытачы таксама змогуць атрымаць доступ да гэтага скарба».
 
Як зазначыў Маціяс Венцэль, наступны «выезд» Бібліі запланаваны на 2013 год. Канвалют будзе прадстаўлены ў Патсдаме, дзе па ініцыятыве Чэхіі, Польшчы і Германіі сваю працу распачне культурны праект пад назвай «Еўропа Ягелоніка».
 
На адкрыцці экспазіцыі сярод літаратараў, навукоўцаў, мастакоў, даследчыкаў беларускай культуры прысутнічалі таксама Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Германіі ў Беларусі Вальфрам Маас, міністр культуры Беларусі Павел Латушка і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
 
Выстава «Францішак Скарына: падарожжа на радзіму» будзе праходзіць у музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з 4 па 14 кастрычніка, пасля чаго канвалют прэзентуюць у Нясвіжы — горадзе, у якім справу Скарыны працягваў Сымон Будны.
 
Ілья Лапато

Даведка Catholic.by:
 
Канвалют кніг Францішка Скарыны быў выяўлены ў фондах гёрліцкай бібліятэкі ў 2003 годзе, які ў Германіі быў аб’яўлены Годам Бібліі. Сярод адабраных кніг для выстаўкі з фондаў бібліятэкі апынулася і гэта, на той момант нявывучаная, кніга з надпісам «Біблія славіка, Прага, 1517 года». Як высветлілася пазней, калі на кнігу выпадкова звярнуў увагу гёрліцкі тэолаг Пэтэр Лоберс, дадзены канвалют — сапраўдны рарытэт. Гэты збор кніг Бібліі быў выпушчаны ва ўласнай тыпаграфіі Францішка Скарыны ў Празе. Усе выданні, надрукаваныя там, сёння адносяцца да ліку бібліяграфічных рэдкасцяў. Выяўлены ў Гёрліцы канвалют кніг Скарыны стаў 40-м па ліку. Да 2005 года такіх збораў ва ўсім свеце налічвалася толькі 39.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме