Антоні Дзям’янка прызначаны біскупам Пінскай дыяцэзіі |
Іерархі |
03.05.2012 13:03 |
3 мая 2012 г. у Пінску было абвешчана рашэнне Святога Айца Бэнэдыкта XVI аб прызначэнні Антонія Дзям’янкі біскупам Пінскай дыяцэзіі і вызваленні яго ад выканання абавязкаў дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
фБіяграфія Антоні Дзям’янка нарадзіўся 1 студзеня 1960 г. у в. Заброддзе ў парафіі Дзераўная Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пасля заканчэння сярэдняй школы не атрымаў дазволу ад дзяржаўных уладаў на паступленне ў Рыжскую духоўную семінарыю. Святарскую фармацыю праходзіў пад кіраўніцтвам доктара тэалагічных навук, кс. прэлата Вацлава Пянткоўскага, тагачаснага Генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі. 28 кастрычніка 1980 г. атрымаў сакрамэнт святарства. Да 26 красавіка 1985 г. не меў афіцыйнага дазволу ад дзяржаўных уладаў на святарскае служэнне і працаваў закрыстыянінам і арганістам. У 1982–1984 г. быў прызваны на вайсковую службу, якую праходзіў у Запаляр’і Мурманскай вобласці. З 1984 г. па 1998 г. — пробашч парафіі ў Навагрудку. З 1992 г. вучыўся ў Інстытуце сям’і Каталіцкай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве, якую закончыў у 1996 г., атрымаўшы тытул магістра тэалогіі. 4 ліпеня 1998 г. дэкрэтам Святога Айца Яна Паўла ІІ быў прызначаны дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі. Кансэкрацыя адбылася 29 верасня 1998 г., якую здзейсніў кардынал Казімір Свёнтэк. З 1998 г. па 2004 г. з’яўляўся Генеральным вікарыем Гродзенскай дыяцэзіі, пробашчам катэдральнай парафіі і рэктарам Духоўнай семінарыіі ў Гродне. Выбраны Генеральным сакратаром Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Старшынёй Рад па справах Літургіі, Сям’і і Дабрачыннай дзейнасці. 14 снежня 2004 г. папам Янам Паўлам II прызначаны дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і вызвалены ад выканання абавязкаў дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі. 14 чэрвеня 2006 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прызначыў Яго Эксцэленцыю Антонія Дзям’янку Апостальскім Адміністратарам sede vacante i ad nutum Sanctae Sedis Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. 21 верасня 2007 г. — вызвалены ад выканання абавязкаў Апостальскага Адміністратара sede vacante i ad nutum Sanctae Sedis Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Прызначаны дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. З’яўляецца Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. |