Першы том «Літургіі гадзінаў», які ахоплівае перыяд Адвэнту і перыяд Нараджэння Пана, быў перакладзены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ і ўхвалены (Nr.108/SE/06) Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Студыйнае выданне дадзенай літургічнай кнігі стала магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы друку Ордэну Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі. Непасрэдная падрыхтоўка кнігі да друку была здзейснена ў супрацоўніцтве прадстаўнікоў Ордэну з Секцыяй па перакладзе.
Вымоўна, што гэтая літургічная кніга, якая з’яўляецца кнігай малітвы Касцёла, выдадзена ў Год веры, які павінен паспрыяць таму, каб сучасны чалавек глыбей пазнаў, цэлебраваў і перажываў сваю веру, а таксама выказваў яе праз малітву. «Прыклад і наказ Пана і Апосталаў маліцца заўсёды і няспынна не павінны ўспрымацца проста як прадпісанне закону, бо гэта датычыць найглыбейшай сутнасці самога Касцёла, які ёсць супольнасцю, што павінна праяўляць свой супольны характар таксама праз малітву» (Агульныя уводзіны да Літургіі Гадзінаў, 9).
Першы том «Літургіі гадзінаў» можна набыць у курыі кожнай дыяцэзіі, мінскай кнігарні «Духоўная кніга» (вул. Багдановіча, 25), а таксама ў парафіях, дзе працуюць браты капуцыны.
Каардынатарам распаўсюджвання «Літургіі гадзінаў» у дыяцэзіях Беларусі з’яўляецца а. Алег Шэнда OFMCap.
Заказ на атрыманне кніг можна таксама скласці па тэлефоне:
- + 375 29 3897793;
- + 375 29 2123478
- або e-mail:
Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
Даведка
«Літургія гадзінаў» (лац. Liturgia Horarum) – літургічная кніга, у якой сабраныя прадпісанні і тэксты для цэлебрацыі штодзённай малітвы Божага народу, гэта значыць Касцёла, якая складаецца з наступных частак: Гадзіны чытанняў, Ютрані, Малітвы на працягу дня, Нешпараў і Малітвы на заканчэнне дня – Камплеты. Для кожнай з гэтых частак, якія адбываюцца ў акрэсленыя гадзіны, падаюцца адпаведныя тэксты: гімны, антыфоны, псальмы, біблійныя і агіяграфічныя чытанні. Традыцыйная назва гэтай кнігі – «Брэвіярый» (лац. Breviarium).
У Каталіцкім Касцёле для цэлебрацыі Літургіі гадзінаў актуальна выкарыстоўваецца чатырохтомнік, які мае наступны падзел:
- І том – «Перыяд Адвэнту. Перыяд Нараджэння Пана»
- ІІ том – «Перыяд Вялікага посту. Святы Пасхальны Трыдуум. Велікодны перыяд»
- ІІІ том – «Звычайны перыяд. І - XVII тыдзень»
- ІV том – «Звычайны перыяд. XVIІI - XXXIV тыдзень»
Літургія гадзінаў, як і іншыя літургічныя дзеянні, не з’яўляецца прыватным дзеяннем, але датычыць усяго Касцёла (пар. Агульныя уводзіны, 20). Да абавязку тых, хто прыняў сакрамэнт пасвячэння, належыць арганізацыя і кіраванне малітвай супольнасці. Таму яны павінны запрашаць вернікаў і з дапамогай належнай катэхезы рыхтаваць іх да супольнай цэлебрацыі больш важных частак Літургіі гадзінаў, асабліва ў нядзелі і святы (пар. Агульныя уводзіны, 23).
Супольнасці кансэкраванага жыцця, якія на падставе рэгулы ці канстытуцыі цалкам або часткова цэлебруюць Літургію гадзінаў, асаблівым чынам увасабляюць Касцёл, які моліцца, бо яны выяўляюць вобраз Касцёла, які няспынна хваліць Пана. Яны выконваюць абавязак «супрацоўніцтва», перш за ўсё праз малітву, дзеля будавання і ўмацавання Містычнага цела Хрыста і дзеля дабра мясцовых Касцёлаў (пар. Агульныя уводзіны, 24).
Свецкія, якія збіраюцца разам з рознай нагоды: малітоўнай, апостальскай ці іншай, таксама заахвочваюцца да выканання абавязку Касцёла праз цэлебрацыю частак Літургіі гадзінаў. Перш за ўсё яны павінны навучыцца падчас літургічнага дзеяння пакланяцца Богу Айцу ў Духу і праўдзе, памятаючы, што праз публічны культ і малітву яны могуць ахапіць усіх людзей і паспрыяць збаўленню ўсяго свету (пар. Агульныя уводзіны, 27).
Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ
|