Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў (Ordo Fratrum Minorum Capucinorum — OFM Cap) |
Найвышэйшы, праслаўлены Божа, асвяці змрок майго сэрца і дай мне, Пане, сапраўдную веру, непахісную надзею і дасканалую любоў, разуменне і пазнанне, каб выканаў Тваё святое і праўдзівае пасланніцтва. Малітва св. Францішка перад крыжам
Галоўнай рысай капуцынскай духоўнасці з’яўляецца няспыннае, асабістае шуканне першапачатковага ідэалу, які адкрыў і рэкамендаваў сваім братам-паслядоўнікам святы Францішак, калі заахвочваў наследаваць Езуса Хрыста, беднага і пакорнага. Зразумела, што першае месца ў жыцці капуцына займае малітва, асабліва кантэмпляцыйная (сузіральная). Істотнай прыкметай таксама з’яўляецца беднасць, якая выражае суровасць жыцця і добраахвотнасць пакаяння. Характарызуе капуцынаў і радаснае прабыванне сярод людзей бедных ды хворых, падзяляючы іх долю і дзелячыся з імі духоўнымі каштоўнасцямі. Шлюбуючы паслухмянасць, беднасць і чыстасць, апранутыя ў карычневы габіт з характэрным доўгім завостраным каптурам, падперазаныя звычайнай белай вяроўкай, капуцыны, выбіраючы просты лад жыцця ў розных краінах на ўсіх катынентах, імкнуцца дакладней ажыццяўляць Святое Дабравесце, захоўваючы вернасць Каталіцкаму Касцёлу. На практыцы гэтае заданне капуцыны рэалізуюць, апякуючыся беднымі або штодзённа выконваючы, паводле здольнасцяў і адукацыі, абавязкі сакрыстыяніна, арганіста, садоўніка, краўца, выкладчыка і шмат іншых. Браты-святары, прысвячаючы сябе душпастырству, служаць людзям як спаведнікі, духоўныя кіраўнікі і прапаведнікі. На сённяшні дзень капуцынская супольнасць налічвае ў свеце больш за адзінаццаць тысяч братоў. За пяцьсот гадоў гісторыі ордэна трынаццаць капуцынаў былі абвешчаны святымі, а трыццаць чатыры — благаслаўлёнымі. Найбольш вядомыя з іх: святы Фелікс з Канталічэ, святы айцец Піо, благаслаўлёны айцец Ганарат Казмінскі. На тэрыторыі сучаснай Беларусі меншыя браты капуцыны дзейнічаюць з 1938 года. У цяжкія часы савецкага атэізму існаванне ордэна працягвалася ў падполлі. Пасля атрымання рэлігійнай свабоды дзякуючы дапамозе братоў-місіянераў з Польшчы колькасць месцаў працы капуцынаў у Беларусі ўсцяж павялічваецца. Сёння яны працуюць у Мінску, Маладзечне, Ліпнішках (Іўеўскі р-н), Слоніме, Докшыцах, Ваўкалаце (Докшыцкі р-н), Смалявічах і Верхнядзвінску. На сённяшні дзень у Беларусі працуе дваццаць чатыры капуцыны, большасць з якіх з’яўляюцца беларускімі грамадзянамі. Акрамя таго, калі дзесяці братоў з Беларусі знаходзяцца на розных этапах фармацыі ў кляштарах Польшчы і Італіі, рыхтуючыся да канчатковага прыняцця капуцынскага ладу жыцця. Гэтая супольнасць братоў утварае арганізаваную ў 1997 годзе адміністрацыйную адзінку Ордэна, якая тады атрымала назву Віцэправінцыі, а цяпер называецца — Кустодыя Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі, апекуном якой з’яўляецца благаслаўлёны капуцын айцец Ганарат Казмінскі. Узначальвае Кустодыю Кусташ, якога выбіраюць браты кожныя тры гады. Адказваючы на актуальныя патрэбы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, капуцыны ў першую чаргу займаюцца душпастырствам у даручаных ім парафіях. Штогод праводзіцца пілігрымка з Маладзечна да Маці Божай Будслаўскай, удзельнічаючы ў якой кожны можа крыху бліжэй пазнаёміцца з капуцынскасцю.
Курыя Кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі: Брат Алег Шэнда OFM Cap — Кусташ вул. Гарадзецкая, д. 22, кв. 152 220125, г. Мінск Тэл. (8 017) 396 80 62(8 017) 396 80 62, Кароткі жыццяпіс св. Францішка Асізскага 1181 г. (або 1182 г.) У італьянскім горадзе Асізі ў сям’і багатага купца П’етро Бернардонэ і Пікі нарадзіўся сын. На хросце яму далі імя Ян, але пазней бацька назваў яго Францішкам. У юнацтве Францішак адзначаўся кемлівасцю і велікадушнасцю. Па характары быў весялун і нават гарэзнік, меў шмат сяброў і ў таварыстве звычайна быў завадатарам. Асізскі юнак марыў пра бліскучую, а ў тыя часы і найбольш прывабную, кар’еру гераічнага рыцара. Верасень 1202 г. Распачалася вайна паміж Асізі і Перуджай. У ёй удзельнічае Францішак, і пасля адной з бітваў ён трапляе ў палон, у якім знаходзіўся амаль год. 1203 г. Вярнуўшыся з няволі, сын Бернардонэ цяжка хварэе. 1205 г. Францішак чарговы раз рушыць на вайну, гэтым разам да Апуліі, з надзеяй здабыць жаданую славу. У мясцовасці Спалета ён бачыць загадкавы сон і, уражаны ім, вяртаецца ў Асізі. 1206 г. У касцёле св. Дам’яна ён чуе таямнічы голас з крыжа: «Францішак, ідзі, адбудуй мой дом, які руйнуецца». У душы Францішка адбываецца пералом, пакаянне і поўнае навяртанне. У прысутнасці асізскага біскупа ён аддае грошы і нават вопратку свайму бацьку, які быў супраць новага ладу жыцця сына. У адзенні пустэльніка Францішак распачынае жабрацкае жыццё пакаяння, служачы хворым на праказу. 1206-1208 г.г. Ён адзін аднаўляе занядбаныя святыні св. Дам’яна, св. Пятра і Маці Божай Анёльскай. 16 красавіка 1208 г. Да Францішка далучаюцца першыя вучні Бернард і Пётр. 1209 або 1210 г. Францішак з адзінаццаццю вучнямі вандруе ў Рым, і там яны атрымліваюць папярэдняе зацвярджэнне такога ладу жыцця ад папы Інацэнта ІІІ. 1215 г. Адбыўся Трэці Латэранскі Сабор. Лічыцца, што на ім прысутнічаў Францішак, і менавіта там упершыню ён сустрэўся з Дамінікам Гусманам, заснавальнікам Ордэна Прапаведнікаў (дамініканцаў). 29 лістапада 1223 г. Папа Ганорый ІІІ канчаткова зацвярджае укладзены Францішкам Статут жыцця меншых братоў. 15 жніўня – 30 верасня 1224 г. Францішак, адасобіўшыся на гары Альверня, адбывае саракадзённы пост, падчас якога, прыблізна 14 верасня, атрымаў стыгматы. 3 кастрычніка 1226 г. Францішак памірае. 16 ліпеня 1228 г. Папа Грыгорый IX абвяшчае Францішка святым. 25 мая 1230 г. Цела святога Францішка перанесена ў спецыяльна пабудаваную ў яго гонар базыліку.
|
||
Адноўлена 26.06.2015 23:00 |