Супольнасць Місіянераў Аблатаў Марыі Беззаганнай (аблаты) |
Паслярэвалюцыйная Францыя... Рэлігійна спустошаная, бедная і прагнучая Бога... Была Вялікая пятніца 1807 г. Малады Эжэн дэ Мазено ўдзельнічаў у набажэнстве адарацыі Святога Крыжа. Нечакана яго кранула любячая Прысутнасць Бога. Пан дазволіў Эжэну адкрыць, хто Ён, як палюбіў чалавецтва і што зрабіў для ўмілаванага чалавецтва. Гэтая сустрэча з Любячым Жывым Богам, Ахвярнікам і Ахвярай адначасова, стане крыніцай яго святарскага і місіянерскага запалу на ўсё жыццё.
Пасля некаторага часу Эжэн паступіў у семінарыю ў Парыжы і ўжо як малады святар, які бачыў разбуральнае спусташэнне Францыі, заснаваў новую супольнасць, якая з 1816 г. носіць назву Місіянераў Аблатаў Марыі Беззаганнай. «Аблат» значыць «ахвяраваны», «ахвяраваны Марыі Беззаганнай», каб, як Яна, несці Хрыста тым, каму Ён найбольш патрэбны: людзям духоўна і матэрыяльна бедным, якім патрэбна надзея. У цэнтры духоўнасці аблатаў знаходзіцца асоба Езуса Хрыста, таму кандыдаты ў супольнасць павінны асабліва любіць Укрыжаванага, а кожны аблат — усімі сіламі Яго наследаваць. Эжэн дэ Мазено з самага пачатку выразна акрэсліў крытэрый выбару сваіх супрацоўнікаў: святасць. Ужо ў першых сваіх лістах ён гаворыць: « Тое, чаго я прагну, — выбраць людзей, якія мелі б волю і адвагу пайсці па слядах апосталаў... Неабходна, каб мы самі былі проста святымі. Гэтае слова ўключае ў сябе ўсё, што толькі можна сказаць». Амаль праз год пасля стварэння першай супольнасці місіянераў, убачыўшы іх працу і плён іх паслугі — знакі Божага благаслаўлення — ён сказаў: «Нашая Супольнасць увогуле малая, але яна будзе магутнай настолькі, наколькі будзе святой». На думку Эжэна дэ Мазено, святасць жыцця аблатаў павінна папярэднічаць місіі, пасланніцтву, якое ім даверыў Касцёл. Аднак, гледзячы на людзей, лёгка заўважыць, што ў кожнага ёсць якія-небудзь недахопы і заганы. Дзе ж трэба шукаць Крыніцу Святасці? Яна струменіць з Эўхарыстыі. У «канстытуцыі» супольнасці, прасякнутай духам заснавальніка, гаворыцца так: «Эўхарыстыю, крыніцу і вяршыню жыцця Касцёла, аблаты ставяць у цэнтр свайго жыцця і дзейнасці. Будзем жыць так, каб кожны дзень мы маглі годна яе здзяйсняць» Гэта месца супольнага ахвяравання сябе са Збаўцам, гэта час аднаўлення сэрцаў, умацавання повязяў супольнасці, а таксама пашырэння даляглядаў місіянерскага запалу, скіраванага на ўвесь свет. Аблаты пакліканыя працягваць пасланніцтва самога Хрыста праз евангелізацыю. Да нашых дзён яны нясуць Хрыста ў больш чым сямідзесяці краінах свету, на ўсіх кантынентах. На тэрыторыю Беларусі аблаты прыбылі перад Другой сусветнай вайной. Яны працавалі на Гродзеншчыне: у Наваградку і Вашкевічах. На жаль, ваеннае ліхалецце выгнала іх з месцаў душпастырскай працы. Застаўся толькі айцец Войцех Навачык — пробашч з Наваградка. Нястомны аблат перажыў савецкія лагеры ў Сібіры, пасля якіх, хворы, вярнуўся ў наваградскую парафію, дзе і працаваў да самай смерці. Памёр ён ў 1984 г. Чарговая старонка гісторыі аблатаў на Беларусі адкрылася толькі ў 1992 годзе. Адрозным знакам аблатаў з’яўляецца вялікі крыж, які яны носяць на сутане. Рэгулы прадпісваюць, каб з гэтым крыжам у руцэ законнікі складалі падзяку пасля Святой Камуніі, цалавалі яго, апранаючыся для цэлебрацыі Эўхарыстыі і пасля яе заканчэння, а таксама давалі яго ў рукі пенітэнтам падчас сакрамэнту паяднання. У 1995 г. заснавальнік Супольнасці Місіянераў Аблатаў Марыі Беззаганнай Эжэн дэ Мазено быў кананізаваны. Папа Ян Павел ІІ падчас кананізацыйнай святой Імшы сказаў такія словы: «Гэты вялікі Біскуп і Заснавальнік аблатаў Марыі Беззаганнай — айцец Эжэн дэ Мазено — быў дадзены нам Касцёлам як прыклад гераічнай веры, надзеі і любові. Яго апостальства заключалася ў перамяненні свету моцаю Евангелля Хрыста. Пойдзем жа дарогаю, якую вызначыў нам святы Эжэн, — няхай любоў да Хрыста і Касцёла заўсёды ўзрастае ў нас і прыносіць духоўны плён». Паводле кнігі «Пра пакліканне»
© «Pro Christo» 2005. |
Адноўлена 04.12.2009 13:59 |