Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кангрэгацыя Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі)
Імкненнем маці Марыі ад Пана Езуса Добрага Пастыра (Францішкі Сядліскай), заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, было жыць па прыкладзе Найсвяцейшай Сям’і праз малітву, працу і цярпенні, ахвяраваныя за святы Касцёл, Папу і сем’і.

Заснавальніца ўглядалася ў прыклад Найсвяцейшай Маці, якая цалкам падзяляла жыццё з Хрыстом, разумела Яго думкі, імкненні і пачуцці, ва ўсім была з Ім разам, не мела нічога свайго, бо жыла жыццём свайго Сына, становячыся таксама ахвяраю любові ў паяднанні з Ім.

«Маці Марыя кожны дзень малілася на ружанцы і наказала ў Статуце, каб сёстры ніколі не пакідалі гэтай малітвы. (...) Езус заўсёды быў у цэнтры яе духоўнага жыцця, а Панна Марыя вучыла, як Яго любіць і як Яму служыць. Яднаючыся з Ёю ў поўнай адданасці Богу, маці заснавальніца пад натхненнем Духа Святога ўсё больш паглыблялася ў Божыя таямніцы, усё выразней бачыла ў збаўчым плане Бога ролю Марыі і ролю ўсёй святой Сям’і, з якой «любоў выйшла на ўвесь свет».

Благаслаўлёная Францішка Сядліцкая вызначыла для заснаванай ёю кангрэгацыі заданне супрацоўнічаць з Хрыстом і Яго Касцёлам у пашырэнні Валадарства Божай любові ў сваёй супольнасці і ў свеце, а асабліва ў сем’ях.

Найбольш выразна і поўна гэта пацвердзілі сёстры назарэтанкі з Наваградка. Заахвочаныя сястрой Стэлай, тагачаснай настаяцельніцай супольнасці, яны маліліся, каб арыштаваныя бацькі і сыны маглі вярнуцца ў свае сем’і. Яны самі занялі ў Божым плане іх месца ў спісе асуджаных на расстрэл і адышлі да Пана 1 жніўня 1943 года, паяднаныя з Ім у звышнатуральнай любові, якая аддае жыццё за бліжніх.

Адразу пасля ружанцовага набажэнства сёстры накіраваліся з фарнага касцёла ў Наваградку ў паліцэйскі ўчастак. Яны ішлі, як адна дзесятка пацерак ружанца: сястра Стэла і дзесяць сясцёр. Яны працягнулі ў вечнасць сваё апошняе ружанцовае набажэнства на зямлі.

Разважанне над таямніцамі святога ружанца ўводзіць душу ў звышнатуральную сферу быцця, удзельнікамі якога мы з’яўляемся. Наш Боскі Настаўнік даў нам прыклад сапраўднага вернага жыцця ў еднасці з Айцом ужо тут, на зямлі. Праз ружанцовую малітву Марыя далікатна вядзе хрысціянаў на крыжовы шлях свайго Сына. Таямніцы нашага жыцця пераплятаюцца з таямніцамі жыцця Хрыста: радаснымі, балеснымі, святла і хвалы. Гэтыя таямніцы злучаныя паміж сабою, яны непарыўныя. Выключэнне з жыцця якой-небудзь з гэтых частак збядняе і робіць няпоўным наша існаванне.

Назарэтанскае пакліканне, характэрнай рысай якога з’яўляецца агульная любоў, сёстры рэалізуюць згодна з харызматам кангрэгацыі праз апостальскую працу, накіраваную на маральнае і рэлігінае аднаўленне сем’яў. З прычыны крызісу, у якім апынулася сям’я ў сучасным свеце, патрэбныя сведкі, людзі, якія па-сапраўднаму жывуць сваім пакліканнем, ідуць служыць моцаю веры, надзеі і любові.

Як інакш, калі не прыкладам вернасці «аж да смерці», можна пераканаць маладых людзей у тым, што можна жыць згодна з прынцыпам еднасці і трываласці? Сучасны свет губляе сапраўдныя каштоўнасці, а тое, што спрадвеку лічылася нездаровым і ненармальным, сёння падаецца як штосьці бясспрэчнае. У выніку, чалавека, вернага ідэалам Евангелля, лічаць адсталым, нямодным і нават псіхічна хворым.

Барацьбу супраць веры і маральнасці вядзе сатана, а Марыя — гэта менавіта тая Вялікая Дзева, якая яго перамагла. Таму Ружанец з’яўляецца зброяй, супраць якой нават сатана бяссільны. Колькі ж ласкаў можна выпрасіць падчас ружанцовай малітвы, колькі ж зла можна прадухіліць!

«Праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце...», — так жыла Найсвяцейшая Багародзіца, якая не пакінула ў зямным жыцці нічога для сябе. Адным словам «Fiat» — «няхай станецца» — Яна зачала Збаўцу і ніколі не адмовілася ад ласкі прыняць удзел у жыцці Божым, якое з’яўляецца цярпеннем, ахвяраваннем Айцу. Калі падчас вялікіх пераследаў хрысціянства не было святараў, каб прыносіць штодзённую ахвяру, духоўнае жыццё будавалася на Ружанцы. У яднанні і перапляценні таямніцаў жыцця Езуса і Яго Маці з цярпеннямі тых, хто пакутаваў ад пераследу за веру, складалася штодзённая ахвяра праз Хрыста, з Хрыстом і ў Хрысце.

І Бог прыняў тую ахвяру, як калісьці прыняў ахвяру свайго Сына Езуса. Пераследаваныя ўвайшлі «ў радасць свайго Айца» і сталі благаслаўлёнымі. Гады пераследу ў гісторыі хрысціянства прынеслі больш за ўсё пладоў святасці. Святасць — гэта вечная ахвяра, таямніца, хвала неба і зямное цярпенне, гэта абрыўкі чалавечага жыцця, злучаныя пацеркамі ружанца, на якіх мы прамаўляем хрысціянскае абяцанне пакоры: «Будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі...»

Паводле кнігі «Пра пакліканне»
© «Pro Christo» 2005
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.