Закон святога Паўла — першага пустэльніка (паўліны) |
Молячыся на ружанцы, мы няспынна праходзім катэхізацыю, якая вучыць нас не апускаць рук, працягнутых да Бога Айца разам з Маці Марыяй. Ружанцовая малітва бярэ свой пачатак з самай старажытнай традыцыі пустэльнікаў — пастаяннага паўтору радкоў з Бібліі, заклікаў да пакаяння або вымаўлення Божага Імя.
Яе першапачатковы выгляд быў надзвычай просты: вяроўка і каменьчыкі. Магчыма, што св. Павел, першы пустэльнік, патрыярх закону паўлінцаў, таксама карыстаўся гэтаю малітоўнаю вяроўкай для адліку малітваў, калі ўсё сваё жыццё жыў у пустэльні сам-насам з Богам. Пачатак і развіццё закону святога Паўла, першага пустэльніка, цесна звязаны з венгерскай зямлёй і адносіцца да ХІІІ стагоддзя. Гэты закон не толькі быў створаны ў каралеўстве св. Стэфана, у Венгрыі, але і сфармаваны тут як ідэалагічная і прававая структура, і тут ён дасягнуў найбольшага за сваю гісторыю росквіту. Праводзячы аднойчы візітацыю ў сваёй дыяцэзіі, біскуп Барталамей сустрэў шмат пустэльнікаў. Уражаны суровым і цнатлівым жыццём манахаў, ён у 1225 г. сабраў разам разрозненых пустэльнікаў і склаў для іх першы часовы збор правілаў, які акрэсліваў жыццё ў кляштары накшталт статуту бэнэдыктынаў: фізічная праца, малітва, абмежаванае апостальства. Амаль адначасова Эўзэбій, канонік катэдральнай капітулы, не толькі наладзіў кантакт з пустэльнікамі, але і сам, жадаючы падзяліць іх жыццё, пабудаваў для разрозненых пустэльнікаў кляштар з касцёлам святога Крыжа. Эўзэбій, таксама як і яго субраты, быў самаадданым шанавальнікам Маці Божай, асаблівай Апякункі Венгрыі. З гэтай прычыны каля алтара святога Крыжа ён пабудаваў другі алтар, прысвечаны Багародзіцы. Першыя паўлінскія пустэльнікі паглыбляліся ў жыццё Пана Езуса разам з Марыяй, Яго Маці, бо лічылі, што значна лепш можна ўспрыняць Езуса, Яго слова, Яго ўчынкі і жэсты, калі маліцца з Тою, якая найлепш і найбольш поўна прыняла Езуса. Манахі пустэльнікі сваім патрыярхам і айцом, а таксама годным пераймання прыкладам манаскай святасці выбралі святога Паўла з Тэба, аддаючы яму пашану як першаму хрысціянскаму пустэльніку. Хоць ён не быў фармальным заснавальнікам закону і яго фундатарам, закон пустэльнікаў шмат звязвае з яго асобаю. У часы пераследу Дэцыя Павел, які вельмі любіў Бога, уцёк у Тэбаідскую пустыню і пасяліўся ў пячоры каля раскідзістай пальмы, пад якою бруіла крыштальная крыніца. Палюбіўшы гэтае жыллё, ён правёў у ім у малітве, пакаянні і адзіноце ўсё жыццё. «Сам-насам з Богам» — гэтыя словы сталі дэвізам і заклікам для кожнага белага манаха. Гэта адна з рысаў, якая адлюстроўвае харызмат закону святога Паўла. У біяграфіі святога Паўла, першага пустэльніка, гаворыцца, што ён штодзённа атрымліваў ад Бога паўбохана хлеба, які прыносіў яму воран. Гэтае сілкаванне св. Паўла нябеснаю ежаю заахвочвае манахаў паўлінаў да асаблівай адарацыі Езуса Эўхарыстычнага. Адсюль вынікае наступная рыса харызмату — жыць Эўхарыстыяй. Асаблівым харызматам закону пустэльнікаў з’яўляецца культ Багародзіцы. Даручаныя закону санктуарыі, у тым ліку і Яснагорскі санктуарый Маці Божай Чэнстахоўскай, аказалі вялікі ўплыў на марыйную форму духоўнасці. Папа Ян Павел ІІ у казанні перад Яе цудоўным абразом сцвердзіў, што «ласка Яснай Гары стала агульным харызматам усяго закону». З 1990 года паўліны служаць таксама на Беларусі і разам з імі прысутнічае Маці Божая з Яснай Гары, бо паўліны маюць звычай браць Яе з сабою паўсюль, куды б яны ні накіроўваліся. Сваю працу паўліны пачыналі ў гродзенскай катэдры, каля цудоўнага абраза Маці Божай Кангрэгацкай, якую яшчэ называюць Студэнцкаю. Апрача Беларусі манахі вядуць душпастырскую дзейнасць у Амерыцы, Аўстраліі, Афрыцы, Еўропе: у Венгрыі, Польшчы, Харватыі, Украіне, Латвіі, Славакіі, Чэхіі, Германіі, Францыі, Англіі. Харызмат манаскага інстытута — гэта своеасаблівы шлях, які вядзе да святасці членаў манаскай супольнасці, бо дасягненне святасці і збаўлення з’яўляецца найвышэйшаю мэтай. Закон паўлінаў — гэта, мабыць, адзіны з законаў, у якім няма афіцыйна абвешчаных Касцёлам святых, бо, згодна з традыцыяй, якая існуе ў супольнасці, першыя айцы свядома адмаўляліся ад такога вялікага гонару. Святы Ян Капістран, які ў ХVІ стагоддзі жыў у Венгрыі, звяртаўся да сваіх сучаснікаў: «Хто хоча ўбачыць жывых святых, няхай ідзе ў кляштар Марыяностра, і яго жаданне споўніцца». Молімся, каб таксама сучасныя паўлінскія кляштары, якія жывуць традыцыяй мінулых стагоддзяў і адкрытыя на знакі часу, былі месцамі, дзе можна сустрэць святых. Паводле кнігі «Пра пакліканне»
© «Pro Christo» 2005. |