Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Свірская і засвірская парафіі ажывілі веру падчас місій
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
20.11.2012 11:17

З 11 па 18 лістапада ў cвірскім і засвірскім касцёлах, а таксама ў дзвюх капліцах у Страчы і Дабраўлянах прайшлі парафіяльныя місіі. Іх узначалілі а. Дзмітрый Занямонскі ОМІ і а. Анджэй Юхневіч ОМІ з супольнасці місіянераў Аблатаў Марыі Беззаганнай (ОМІ). Таксама па запрашэнні пробашча парафіі Св. Мікалая, біскупа, у Свіры кс. Багуслава Маджэеўскага на місіі прыехаў кс. Войцех Леманьскі з Польшчы.

Ксёндз Леманьскі раней быў пробашчам свірскай і засвірскай парафій, стаяў ля вытокаў іх адраджэння ў 1990–1997 гг. Тым самым час місій стаў яшчэ больш святочным, бо  парафіяне сустрэліся са сваім былым душпастырам.

Святыя місіі працягваліся больш за тыдзень. Кожны дзень быў насычаным і меў сваю тэматыку. У першы дзень пробашч уручыў айцам місіянерам стулы на знак іх уступлення ў душпастырскае служэнне на час місій. Пасля парафіяне пачулі першае місійнае навучанне. Другі дзень быў днём аднаўлення веры: кожны вернік меў магчымасць асабіста падыйсці да Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце і ўславіць Яго. Такое праяўленне веры скіроўвала таксама на разважанне над станам сваёй веры.

Аўторак быў прысвечаны памяці і ўшанаванню ўсіх памерлых вернікаў. Пасля працэсіі на могілках там адбылася малітва за ўсіх памерлых. Чацверты дзень святых місій даў усім сем’ям свірскай і засвірскай парафій магчымасць задумацца над сваім сямейным жыццём і аднавіць сужэнскія абяцанні. Пазней у гэты дзень вернікі пажылога ўзросту і хворыя атрымалі ласку сакрамэнту намашчэння хворых. Тых, хто не мог прысутнічаць у касцёле, айцы місіянеры наведалі дома.

Кульмінацыяй пятага дня была эўхарыстычная працэсія. Таксама ў гэты дзень місіянеры сустрэліся з моладдзю. Пятніца была прасякнута духам пакаяння, чаму спрыялі пакутныя набажэнствы, накіраваныя на поўную і шчырую споведзь, да якой мог прыступіць кожны жадаючы.

Перадапошні дзень місій быў прысвечаны Маці Божай, якой місіянеры разам з вернікамі даручылі парафію. Таксама ласкай часу місій для парафіі сталі пяць хростаў падчас святой Імшы для дзяцей. Бліжэй да вечара айцы місіянеры правялі катэхетычную сустрэчу з моладдзю.

Скончыліся місіі ўрачыстай святой Імшой, якую ўпрыгожыла працэсія да місійнага крыжа. Пасля адбылося асвячэнне крыжа і ўсіх рэчаў публічнага культу, якія прынеслі вернікі.

Кс. Багуслаў Маджэеўскі


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме