Ксёндз Антон Лагунёнак удзяліў прыміцыйнае благаслаўленне вернікам Свіры |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
|
08.10.2012 12:16 |
7 кастрычніка 2012 г. у касцёле святога Мікалая, біскупа, у Свіры адбылася ўрачыстая святая Імша з нагоды заканчэння саракагадзіннай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і набажэнства да Маці Божай Ружанцовай. Гэтая адпустовая літургія стала яшчэ больш святочнай з нагоды святарскіх прыміцый ксяндза Антона Лагунёнка.
Хоць гэта не родная парафія кс. Лагунёнка, але па запрашэнні пробашча свірскай парафіі новапрэзбітэр знайшоў час і магчымасць, каб удзяліць вернікам Свіры ласку прыміцыйнага благаслаўлення.
Ксёндз Антон Лагунёнак паходзіць з парафіі Св. апостала Андрэя ў вёсцы Лынтупы. Пасля фармацыі і вучобы ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнaй семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску атрымаў святарскае пасвячэнне ў Браславе. Зараз распачынае душпастырскую працу ў адной з парафій у Віцебску.
Разважаючы над Божым словам, кс. Лагунёнак узгадаў ролю Маці Божай у жыцці кожнага чалавека і падзяліўся сваімі перажываннямі, звязанымі з культам Маці Езуса. Таксама новапрэзбітэр падзякаваў за радасць гэтага дня Богу і ўсім, хто падтрымліваў і падтрымлівае яго на шляху святарства.
На заканчэнне літургіі новапрэзбітэр усклаў рукі і памаліўся над святарамі, кансэкраванымі асобамі і ўсімі вернікамі. Па традыцыі, усім, хто атрымаў благаслаўленне, малады святар падарыў памятныя абразкі, на якіх змешчана выява св. Антонія і словы: «Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 16). Аб гэтай праўдзе кс. Лагунёнак будзе сведчыць кожнаму, каго спаткае на сваім святарскім шляху.
Кс. Б. Маджэеўскі
|
Фотарэпартаж |