Прыміцыйная Імша кс. Вячаслава Адамовіча адбылася ў Полацку |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
20.08.2012 14:23 |
18 жніўня 2012 г. у Браславе ва ўрачыстасць Маці Божай Валадаркі Азёраў адбылася Імша з удзяленнем святарскага і дыяканскага пасвячэнняў. Сярод трох новапрэзбітэраў быў кс. Вячаслаў Адамовіч. Нарадзіўся ён у 1985 годзе ў вайсковым гарадку каля Ветрына, у сям’і вайскоўца. У 1992 годзе сям’я пераехала ў Фарынава. Там будучы святар скончыў школу. У 2006 годзе распачаў вучобу ў прымасоўскай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гнезне і ва ўніверсітэце імя Адама Міцкевіча ў Познані. Дыяканскую практыку праходзіў у Паўлове (Польшча), у прымасоўскай архікатэдры ў Гнезне і ў Глыбокім. Вучобу і семінарыйную фармацыю скончыў у 2012 годзе з тытулам магістра тэалогіі, абараніўшы працу «Роля працэсіі паводле Дырэктывы аб народнай пабожнасці і літургіі». Пасля заканчэння семінарыі ў жыцці кс. Вячаслава Адамовіча адбыўся вельмі важны і адказны момант — сказаўшы канчаткова Пану «так», ён прыняў святарскае пасвячэнне. Другім важным момантам у жыцці кс. Вячаслава стала першая прыміцыйная св. Імша, якая адбылася 19 жніўня ў Полацку. Ва ўрачыстай літургіі прынялі ўдзел бацькі, родныя, знаёмыя, святары і сёстры законныя. Гамілію падчас прыміцыйнай св. Імшы прамовіў кс. Віктар Місевіч. Напрыканцы Эўхарыстыі новапрэзбітэр падзякаваў найперш Пану Богу за дар паклікання да святарства, бацькам і хросным, а таксама ўсім тым, хто прычыніўся да яго ўзрастання ў веры і распазнання паклікання ў сваім жыцці. Словы віншавання да святара скіравалі дзеці, моладзь і дарослыя з полацкай парафіі. Напрыканцы св. Імшы святары, сёстры законныя, бацькі, брат і ўсе сабраныя парафіяне і госці атрымалі прыміцыйнае благаслаўленне. Дзякуем Пану Богу за кс. Вячаслава, за новых святароў, няхай добры Бог адорыць іх сваёю моцай і бязмежнай любоўю, каб былі мужнымі сведкамі ў абвяшчэнні Добрай весткі. С. Святлана Грэйць |
Фотарэпартаж |