Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Супольна сведчыць пра Хрыста: завяршылася XVIII Грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск — Полацк
Грэка-Каталіцкая Царква
17.07.2012 13:01

У нядзелю 15 ліпеня 2012 г. у Полацку Боскай Літургіяй, што адбылася на падворку грэка-каталіцкага храма св. Параскевы Полацкай, завяршылася XVIII пілігрымка Віцебск — Полацк. Саборную Боскую Літургію ўзначаліў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Архімандрыт перадаў усім удзельнікам свята пастырскае благаслаўленне Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці.

Гэта быў дзень асаблівай малітвы грэка-католікаў за горад Полацк, які ў гэтым годзе святкуе сваё 1150-годдзе, і за ўсю Беларусь.

Акрамя пілігрымаў, якія мужна прайшлі шлях Віцебск — Шуміліна — Гараны — Обаль — Струнне — Полацк, у Літургіі ўдзельнічалі вернікі, якія на супольную малітву прыехалі з розных грэка-каталіцкіх парафій Беларусі, а таксама шматлікія госці.

Тэмай духоўных разважанняў гэтага дня было: «Сведчыць пра Езуса Хрыста».

«Як вядома, усе хрысціяне пакліканы сведчыць пра Езуса Хрыста. Зразумела, што сведчыць пра Хрыста пакліканы ўсе хрысціяне Беларусі. Больш за тое, мы — хрысціяне Беларусі — пакліканы сведчыць пра Езуса Хрыста супольна», — адзначыў падчас набажэнства архімандрыт Сяргей Гаек. Таму вельмі каштоўным, па словах іерарха, з’яўляецца вопыт таго, што ў дні пілігрымкі, а таксама і сёння, у дзень яе завяршэння, «мы можам сустракацца разам, у братэрскай любові, хрысціяне розных канфесій: грэка-католікі і рыма-католікі, праваслаўныя і стараабрадцы, а таксама вернікі пратэстанцкіх супольнасцяў, і можам маліцца за горад Полацк і за ўсю Беларусь».

«У гэтыя дні мы маліліся і надалей хочам маліцца аб умацаванні нашай любові да Бога і да нашай супольнай Бацькаўшчыны, да яе хрысціянскай шматканфесійнай традыцыі і культуры, а асабліва да роднай беларускай мовы. Мы ўпэўнены, што ў гэтай малітве нас суправаджаюць усе святыя мучанікі і сведкі беларускай зямлі», — адзначыў архімандрыт.

Святкаванне завяршылася братэрскай трапезай для ўсіх удзельнікаў, якую падрыхтавала полацкая грэка-каталіцкая парафія.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме