Вазьміце шчыт веры: у Полацку прайшла сустрэча моладзі |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
30.10.2012 10:56 |
Выхадныя ў полацкай парафіі былі вельмі радаснымі. 27–28 кастрычніка моладзь з розных куткоў Беларусі прыбыла сюды на сустрэчу, прысвечаную Году веры. Сустрэча мела назву «Вазьміце шчыт веры». У касцёле маладых вернікаў прывітаў кс. Валерый Марціноўскі. Сястра Святлана Грэйць прапанавала ўдзельнікам пазнаёміцца адно з адным бліжэй. Маладыя людзі прыехалі сюды з Браслаўшчыны, Ахрэмаўцаў, Мінска, Віцебска, Верхнядзвінска, Шуміліна, Паставаў, Глыбокага, Астраўца. Яны прыехалі, каб правесці свой час разам з роднымі і любімымі сябрамі, якіх яднае вера ў Пана і супольная малітва. Нягледзячы на халоднае надвор’е, маладыя сэрцы радаваліся кожнай хвіліне сустрэчы, таму падумалася, што вера сагравае іх, дае сілы, узмацняе. Хор з Полацка і Наваполацка ўпрыгожваў сустрэчу спевам. Пасля вячэры, якая праходзіла ў парафіяльным доме, адбылася канферэнцыя, якую правёў кс. Андрэй Кулік. «Вера — гэта адказ Богу, які аб’явіўся нам у Езусе Хрысце. Гэта адказ перш за ўсё супольнасці Касцёла, у якой, як струмень у рэчцы, знаходзіцца і мой асабісты адказ. Я веру ў тое, з чым Бог прыходзіць да мяне. Веру і паводжу сябе ў адпаведнасці са сваёй верай, вызнаю перамогу Хрыста і ўшаноўваю Яго як Пераможцу», — адзначыў святар. Прысутныя даведаліся аб тым, што пра маладое пакаленне казалі да нараджэння Хрыста, слухалі цікавыя прыклады з жыцця моладзі ў Касцёле. |
Фотарэпартаж |