Вазьміце шчыт веры: у Полацку прайшла сустрэча моладзі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
30.10.2012 10:56

Выхадныя ў полацкай парафіі былі вельмі радаснымі. 27–28 кастрычніка моладзь з розных куткоў Беларусі прыбыла сюды на сустрэчу, прысвечаную Году веры. Сустрэча мела назву «Вазьміце шчыт веры».

У касцёле маладых вернікаў прывітаў кс. Валерый Марціноўскі. Сястра Святлана Грэйць прапанавала ўдзельнікам пазнаёміцца адно з адным бліжэй. Маладыя людзі прыехалі сюды з Браслаўшчыны, Ахрэмаўцаў, Мінска, Віцебска, Верхнядзвінска, Шуміліна, Паставаў, Глыбокага, Астраўца. Яны прыехалі, каб правесці свой час разам з роднымі і любімымі сябрамі, якіх яднае вера ў Пана і супольная малітва. Нягледзячы на халоднае надвор’е, маладыя сэрцы радаваліся кожнай хвіліне сустрэчы, таму падумалася, што вера сагравае іх, дае сілы, узмацняе. Хор з Полацка і Наваполацка ўпрыгожваў сустрэчу спевам.

Пасля вячэры, якая праходзіла ў парафіяльным доме, адбылася канферэнцыя, якую правёў кс. Андрэй Кулік. «Вера — гэта адказ Богу, які аб’явіўся нам у Езусе Хрысце. Гэта адказ перш за ўсё супольнасці Касцёла, у якой, як струмень у рэчцы, знаходзіцца і мой асабісты адказ. Я веру ў тое, з чым Бог прыходзіць да мяне. Веру і паводжу сябе ў адпаведнасці са сваёй верай, вызнаю перамогу Хрыста і ўшаноўваю Яго як Пераможцу», — адзначыў святар. Прысутныя даведаліся аб тым, што пра маладое пакаленне казалі да нараджэння Хрыста, слухалі цікавыя прыклады з жыцця моладзі ў Касцёле.

Затым адбылася адарацыя перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. У цішыні падчас малітвы моладзь мела магчымасць паразважаць. «Наколькі сумленнымі рыбакамі мы будзем, настолькі больш будзем падрыхтаваныя да таго, каб ісці за Хрыстом. Чым мацнейшыя вузлы нашых сетак, тым мацнейшае нашае слова перад людзьмі і Богам. Вера, якую мы вызнаем, павінна быць прынята сэрцам. Не дастаткова ведаць толькі змест веры, калі сэрца, як аўтэнтычны санктуарый чалавека, не будзе адкрыта на Божае слова», — такія думкі прыходзілі ў гэты час.

Апоўначы моладзь сабралася на гарбату. Пасля адбыўся Крыжовы шлях, падчас якога ўдзельнікі сустрэчы разважалі над таямніцамі пакут Пана. А 2-й гадзіне ночы моладзі быў прапанаваны фільм пад назвай «Ты толькі любі».

Пасля кароткага адпачынку распачаўся новы дзень. Пасля супольнай малітвы і снедання моладзь сабралася на святой Імшы на заканчэнне сустрэчы. Літургію ўпрыгожваў спевам той жа Полацка-Наваполацкі хор. Ксёндз Вячаслаў Адамовіч звярнуўся да маладых людзей з гаміліяй. Вернікі прыносілі ў дарах кветкі, крыж, пасхал, хлеб і віно, як сімвал сваёй удзячнасці за Дар Веры.

Ад’язджаць не хацелася. Але моладзь зноў, у чарговы раз збіраецца прыехаць у Полацк, каб разам сведчыць аб сваёй веры і вызнаваць яе.

Ірына Грэйць

 
© 2003-2024 Catholic.by