Адышоў у вечнасць грэка-каталіцкі святар Віктар Данілаў |
Грэка-Каталіцкая Царква |
07.12.2016 17:47 |
Не стала душпастыра многіх беларускіх грэка-католікаў. У ноч на 7 снежня ў Яраслаўлі на 90-м годзе жыцця памёр айцец Віктар Данілаў. У студэнцкія гады Віктар Данілаў быў зняволены ў сталінскім канцлагеры, дзе прабыў сем гадоў. У зняволенні юнак спазнаў Бога і пасля вызвалення прысвяціў сваё жыццё служэнню на ніве Пана, стаўшы ўніяцкім святаром. З’яўляўся дэканам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Айцец Вiктар Данілаў нарадзіўся 20 ліпеня 1927 года ў Яраслаўлі. З’яўляецца аўтарам шматлікіх тэалагічных прац. Найбольш вядомая з іх — «Мой шлях да Бога і да Каталіцкай Царквы». Рэлiгiйны дысідэнт, публіцыст, з 1976 года — святар Грэка-Каталiцкай Царквы ў падполлi, вязень ГУЛАГу ў 1948–1955 гадах. У 1955 г. вызвалены па амнiстыi. Са снежня 1955 г. аднавiў вучобу на гiстарычным факультэце Яраслаўскага педагагiчнага iнстытута. Аднак пасля заканчэння дыплом яму спачатку не выдалі па той прычыне, што ён быў актыўным католiкам, пра што адмiнiстрацыi iнстытута стала вядома з даносу. Толькi настойлiвасць Данілава, яго афiцыйныя звароты ў дзяржаўныя ўстановы з заявамi пра рэлiгiйную дыскрымiнацыю дазволiлi ва ўмовах палiтычнай лiбералiзацыi — «адлiгi» часоў М. Хрушчова — абараніць свае правы i атрымаць дыплом. Але ўладкавацца па спецыяльнасцi ён не змог, з 1959 года працаваў электрамантажнiкам. У 1960 годзе пераязджае ў больш лiберальныя рэгiёны СССР — спачатку ў Вільнюс, а ў 1967 годзе ў Гродна. У пачатку 1970-х гг. атрымаў прапанову вучыцца на святара грэка-каталiцкага абраду. У 1976 года ў Львове патаемна атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук Мiтрапалiта Уладзiміра Сцернюка. Вярнуўся ў Гродна i пачаў святарскае служэнне ва ўмовах падполля. З 1992 г. легальна быў пробашчам грэка-каталiцкай парафii ў Гродне. Многія гады айцец Віктар вёў актыўную душпастырскую дзейнасць, арганізоўваў і ўмацоўваў мясцовую грэка-каталіцкую суполку. У 2003 годзе вярнуўся на радзіму ў Яраслаўль, дзе нёс місіянерскае служэнне, працягваў пісаць працы на рэлігійныя тэмы і прапаведаваў у фэйсбуку. Паводле racyja.com |