Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэпартаж з адной літургіі: як сустрэлі Вялікдзень грэка-католікі Віцебска
Грэка-Каталіцкая Царква
19.04.2017 11:47

У Віцебску акрамя чатырох рыма-каталіцкіх касцёлаў і капліцы св. Уладзіслава ёсць і грэка-каталіцкая царква Уваскрасення Хрыстовага.

Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква (БГКЦ) прытрымліваецца візантыйскага абраду і знаходзіцца ў еднасці з Апостальскай Сталіцай, прызнае ўладу і духоўны аўтарытэт Святога Айца — Папы Рымскага.

Грэка-каталіцкая царква Беларусі падзелена на тры дэканаты. Віцебская царква Уваскрасення Хрыстовага належыць да ўсходняга дэканату. Пробашчам царквы з’яўляецца протапрэзбітар а. Зміцер Грышан.

Гісторыя адной літургіі

Боская Літургія (так называецца святая Імша ў грэка-католікаў) адрозніваецца ад рыма-каталіцкай Імшы. Але набажэнствы і там, і там праходзяць на беларускай мове.

15 красавіка гэтага года вернікі віцебскай царквы Уваскрасення Хрыстовага разам з пробашчам сабраліся апоўначы, каб сустрэць Уваскрасенне Хрыстовае — Вялікдзень.

У згоднасці з візантыйскім абрадам незадоўга да поўначы служыцца паўночніца, на завяршэнне якой святар кладзе Плашчаніцу на прастол, дзе яна застаецца на ўвесь велікодны перыяд, святкаванне якога працягваецца 40 дзён да свята Узнясення Гасподняга.

Затым адбываецца чытанне Дзеяў Святых Апосталаў.

Згодна з канонамі рыма-каталіцкага абраду, пасхал — велікодную свечку — запальваюць на вуліцы і ўносяць у святыню, асвятленне ў якой у гэты час адмыслова выключаюць. У грэка-каталікоў наадварот: трохсвечнік запальваюць ад агню алтарнай лампадкі і выносяць на вуліцу да прысутных там вернікаў, якія ад трохсвечніка запальваюць свае свечкі і потым з імі ідуць ў святочнай працэсіі вакол царквы.


Прайшоўшы па вуліцы ў працэсіі, вернікі спыняюцца перад зачыненымі дзвярыма царквы.


Святар, прачытаўшы Евангелле, вітае людзей:

— Хрыстос уваскрос!

Далей, тройчы стукнуўшы крыжом ў дзверы царквы, адчыняе іх і ўсе уваходзяць у храм.

Пачынаецца Пасхальная Ютрань, на завяршэнне якой святар чытае слова св. Яна Залатавуснага на Вялікдзень.
«Хай усе пабожныя і багалюбцы цешацца ў дзень гэтай вялікай і светлай урачыстасці, хай усе разумныя слугі ўвойдуць у радась гаспадара свайго. Хай усе, хто пасціўся, атрымаюць сёння ўзнагароду…»

Пасхальная Ютрань плаўна пераходзіць у Боскую Літургію Уваскрасення Гасподняга. Падчас яе ўсе прысутныя шматкроць праслаўляюць Хрыста словамі «Хрыстос уваскрос з мёртвых, смерцю смерць зваяваў і тым, хто ў магілах, жыццё дараваў».

Таксама падчас Літургіі святар чытае Евангелле ад Яна, якое, паводле традыцыі, чытаецца на некалькіх мовах. У царкве урывак прагучаў на грэчаскай, лацінскай, украінскай і беларускай мовах. Падчас святочнай Літургіі вернікі прынялі Цела і Кроў Хрыста.


Напрыканцы ўрачыстасці а.Зміцер благаславіў вялікодныя стравы. Вернікі віншавалі адно аднаго словамі: «Хрыстос уваскрос!» — «Сапраўды ўваскрос!»

Анатоль Бандарчук-Вошлаў, фота аўтара

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.