Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Кандрусевіч павіншаваў грэка-католікаў у Лондане з асвячэннем новапабудаванай царквы
Грэка-Каталіцкая Царква
17.12.2016 16:02

«Дарагі ойча Сяргей Стасевіч і ўся супольнасць Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане, паважаныя прысутныя на ўрачыстасці асвячэння царквы святога Кірылы Тураўскага і ўсіх святых заступнікаў беларускага народа!

Ад імя ўсіх католікаў Беларусі рымскага абраду прагну шчыра павіншаваць усіх, хто прысутнічае на свяце, і ўсіх, хто меў дачыненне да гэтай падзеі.

Гэта адзіная ў замежжы адмыслова пабудаваная беларуская грэка-каталіцкая царква і першая драўляная царква ў Лондане ад часоў Вялікага пажару 1666 года. Пабудаваная ў 30-ую гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС, яна таксама будзе храмам-помнікам усім ягоным ахвярам.

Беларуская каталіцкая місія ў Лондане верна працягвае справу светлых постацяў яе натхняльнікаў і кіраўнікоў. Да іх належыць, без сумнення, біскуп Чэслаў Сіповіч, ураджэнец беларускай вёскі Дзядзінцы, адзін з айцоў Другога Ватыканскага Сабору і кіраўнік Кангрэгацыі айцоў марыянаў з 1963 па 1969 гады. Ён, як ніхто іншы, папулярызаваў веды пра Беларусь у брытанскім грамадстве. Нельга не ўзгадаць таксама постаць айца Аляксандра Надсана, з дня смерці якога не прайшло яшчэ і двух гадоў. Айцец Аляксандр як нязломны пастыр выконваў служэнне Апостальскага Візітатара для беларусаў-католікаў у замежжы.

Пра што мог думаць айцец Надсан, калі 11 сакавіка 1990 года служыў Боскую літургію ў візантыйскім абрадзе ў рымска-каталіцкім касцёле Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі ў Мінску? Напэўна, пра тое, што гэта Бог піша гісторыю на заблытаных сцежках чалавечага жыцця. Гэта Бог з’яўляецца крыніцай адзінства ўсіх католікаў, злучаных пад кіраўніцтвам Біскупа Рыма.

Як ваш брат у Хрысце ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі жадаю, каб гэтая новая святыня, пабудаваная малітвамі і цярпеннямі многіх пакаленняў, стала сімвалам вечнай перамогі Хрыста над грахом і нянавісцю».

З малітвай і благаслаўленнем,

арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.