Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Былы душпастыр грэка-католікаў у Беларусі прызначаны біскупам епархіі ў Чыкага
Грэка-Каталіцкая Царква
21.04.2017 11:53

20 красавіка ў Ватыкане стала вядома, што папа Францішак прызначыў Уладыку Бэнэдыкта (Алексійчука), дапаможнага біскупа Львоўскай архіепархіі УГКЦ, Правячым Біскупам Украінскай Грэка-Каталіцкай епархіі св. Мікалая ў Чыкага (ЗША).

Уладыка Бэнэдыкт нарадзіўся 1 студзеня 1968 г. у Ровенскай вобласці. Атрымаўшы ў 1992 годзе прэзбітэрскае пасвячэнне, у наступным годзе ўступіў у Святаўспенскую Унеўскую Лаўру Студыйкага ўставу. Пастырскае служэнне здзяйсняў у Быстрыцы на Львоўшчыне, у Полацку і Віцебску (1994-1996) і ў Канадзе.

У 2000 годзе абраны і ў 2005 годзе пераабраны Ігуменам Унеўскай Святаўспенскай Лаўры. 3 жніўня 2010 г. быў прызначаны дапаможным біскупам Львоўскім.

Атрымаў дыплом доктара багаслоўя духоўнасці ў Люблінскім Каталіцкім Універсітэце. Валодае ўкраінскай, беларускай, рускай, польскай і англійскай мовамі.

Украінская Грэка-Каталіцкая епархія Святога Мікалая ў Чыкага ўваходзіць у Філадэльфійскую мітраполію і з’яўляецца яе самай вялікай часткай: уключае тэрыторыі паўночных, цэнтральных і заходніх штатаў краіны. Заснавана ў 1961 годзе і, паводле даных «Annuario Pontificio 2017», па стане на мінулы год налічвала каля 50 парафій (больш за 10 тысяч вернікаў). Гэты пасад стаў вакантным 16 жніўня 2016 г. пасля адыходу ў вечнасць чацвёртага біскупа Чыкагскага Уладыкі Рычарда Семінака.

Паводле svjazep.org
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.