Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці здзейсніў візіт у Брэст |
Беларусь - Пінская дыяцэзія
|
28.11.2012 10:32 |
24–25 лістапада 2012 г. Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці знаходзіўся з візітам у Брэсце. Па запрашэнні біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі 25 лістапада прадстаўнік Святога Айца ўзначаліў святкаванні 600-годдзя першай брэсцкай рыма-каталіцкай парафіі. А напярэдадні арцыбіскуп сустрэўся са старшынёй Брэсцкага аблвыканкама і наведаў душпастырскі цэнтр грэка-каталіцкай парафіі Апосталаў Пятра і Андрэя.
У грэка-каталіцкай парафіі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці сустракалі Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, духавенства і вернікі.
Пасля кароткай малітвы Апостальскі Нунцый звярнуўся да вернікаў з душпастырскім настаўленнем. Пасля адбылася пастаральна-фармацыйная сустрэча са святарамі Цэнтральна-Заходняга протапрэзбітэрату.
Пасля заканчэння візіту ў грэка-каталіцкі душпастырскі цэнтр Апостальскі Нунцый накіраваўся ў касцёл Узвышэння Святога Крыжа. У касцёле іерарха сустрэлі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка і дапаможны біскуп Казімір Велікаселец, святары і вернікі лацінскага і візантыйскага абрадаў. Да іх арцыбіскуп Гуджэроцці скіраваў духоўную прамову, а пасля маліўся перад цудатворным абразом Маці Божай і ўдзельнічаў у спеве Акафісту.
Раніцай 25 лістапада Апостальскі Нунцый накіраваўся на малітву на месца, дзе стаяла царква святога Мікалая і дзе ў 1596 годзе адбываўся Сінод, на якім была абвешчана Берасцейская царкоўная Унія Рускай Царквы з Рымам.
У той жа дзень у касцёле Узвышэння Святога Крыжа адбылося святкаванне 600-годдзя першай рыма-каталіцкай парафіі ў Брэсце. На завяршэнне ўрачыстасці арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўдзяліў вернікам апостальскае благаслаўленне ад імя Святога Айца Бэнэдыкта XVI.
У літургіі ўдзельнічалі біскуп Антоні Дзям’янка, біскуп Казімір Велікаселец, архімандрыт Сяргей Гаек, святары абодвух абрадаў з Беларусі і замежжа, шматлікія вернікі, якія прыбылі з розных куткоў Брэстчыны.
Паводле сайта грэка-каталіцкай парафіі Св. Язэпа (AG)
|