Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Брэсце адбылася сустрэча моладзі з удзелам біскупа Дзям’янкі
Беларусь - Пінская дыяцэзія
30.10.2012 11:15

У парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце ёсць добрая традыцыя. Кожны год пад канец кастрычніка моладзь арганізоўвае сустрэчу для сваіх аднагодкаў з усёй Пінскай дыяцэзіі. На гэты раз тэма сустрэчы гучала незвычайна: «Матрыца Бога». У мерапрыемстве прыняў удзел біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Жаданне зрабіць сустрэчу незабыўнай, умелае выкарыстанне творчых здольнасцяў і магчымасць глыбокай супольнай малітвы — усё гэта вабіць і прыцягвае маладых людзей.

Правёў сустрэчу кс. Андрэй Рылка. На пачатку святар патлумачыў значэнне тэрміна «матрыца» і паспрабаваў перанесці яго сэнс на глебу хрысціянскага жыцця.

Пазней пасля невялікага перапынку адбыліся сустрэчы ў групах пад кіраўніцтвам святароў і сясцёр законных. Удзельнікі разважалі над урыўкамі са Святога Пісання і дзяліліся сваімі высновамі з іншымі.

Асабліва кранулі сваёй глыбінёй разважанні Крыжовага шляху, праведзенага ў незвычайнай форме. Былі выкарыстаны аудыёвізуальныя сродкі, якія дапамаглі мацней адчуць цярпенні Езуса падчас Яго апошняга шляху. Пазней, дзелячыся ўражаннямі, удзельнікі казалі, што такая форма Крыжовага шляху дапамагла ім па-новаму паглядзець на ахвяру Хрыста.

Кульмінацыйным і самым чаканым момантам сустрэчы стала святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Антоні Дзям’янка.

Завяршылася сустрэча праглядам фільма.

Маладыя вернікі дзякавалі арганізатарам за цёплую атмасферу, магчымасць умацаваць веру і атрымаць добрыя ўражанні. Арганізатары ў сваю чаргу абяцалі і далей ладзіць такія мерапрыемствы.

Спадзяемся, што падобныя сустрэчы паспрыяюць выхаванню моладзі ў адказнасці за асабістае жыццё і лёс блізкіх людзей, а таксама за сваё пакліканне.

Юлія Бязрукава

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме