Парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце — 600 гадоў |
Беларусь - Пінская дыяцэзія |
26.11.2012 16:45 |
25 лістапада 2012 г. у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце адбылася ўрачыстасць, прысвечаная 600-годдзю ўзнікнення парафіі. У свяце прыняў удзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Да гэтай падзеі вернікі рыхтаваліся сур’ёзна і сумленна. У чацвер, 22 лістапада, распачаліся трохдзённыя рэкалекцыі, якія праводзіў кс. Яцэк Дубоўскі, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Шарашове. Рэкалекцыяніст закрануў тэмы, важныя ў жыцці кожнага чалавека, хрысціяніна. Агульная тэма рэкалекцый была вызначана Годам веры, які праходзіць у Каталіцкім Касцёле. Таму першы дзень быў прысвечаны менавіта веры. Другі дзень закрануў тэму сям’і, якая з’яўляецца першай і галоўнай школай веры. Сям’я як школа пашаны і любові разглядалася ў трэці, апошні дзень. Раніцай у нядзелю пасля прывітання біскупам Пінскім Антоніем Дзям’янкам усіх прысутных распачаліся прэзентацыі навуковых дакладаў. Ксёндз Андрэй Рылка расказаў пра хрысціянства перад выклікамі постсекулярнасці. Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і а. Андрэй Буйніч прадставілі даклад на тэму: «Год веры — заклік да духоўнага подзвігу». Ксёндз Юрый Медышэўскі распавёў гісторыю Брэста і парафіі Узвышэння Святога Крыжа. Паміж дакладамі гучалі арганныя творы кампазітараў Кэбса, Баха і Спетха ў выкананні арганісткі Юліі Міцкевіч. |