Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці да грэка-католікаў у Віцебску: вы павінны адчуваць блізкасць Папы і ўсяго Касцёла
Грэка-Каталіцкая Царква
03.02.2013 16:49

3 лютага Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці наведаў супольнасць грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Гасподняга ў Віцебску. Прадстаўнік Святога Айца сустрэўся з вернікамі, узначаліў літургію і звярнуўся да прысутных з гаміліяй.

Вітаючы арцыбіскупа, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек падкрэсліў, што візіт Нунцыя — вельмі важная падзея для вернікаў гэтага абраду, бо ў гэтым годзе адзначаецца 490-годдзе смерці св. Язафата Кунцэвіча, які асабліва блізкі Грэка-каталіцкай Царкве. Ва ўзросце 37 гадоў Язафат Кунцэвіч стаў уніяцкім біскупам. Уніяцкая катэдра пад тытулам святой Сафіі знаходзілася ў Полацку, а пастырскае служэнне іерарха распасціралася на Полацк, Віцебск, Мсціслаў — усю паўночна-ўсходнюю частку дзяржавы.

У гаміліі, звяртаючыся да ўдзельнікаў набажэнства, Апостальскі Нунцый прызнаўся, што для яго вялікая радасць праз гэтую сустрэчу зрабіць магчымай для вернікаў прысутнасць Святога Айца Бэнэдыкта XVI. Арцыбіскуп дадаў, што Папа вельмі цэніць існаванне грэка-католікаў на беларускіх землях і вельмі ўдзячны ім за захаванне традыцыі сваёй Царквы.

Звяртаючы ўвагу на чытанне Евангелля, у якім ішла гаворка аб благаслаўленнях, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці адзначыў, што благаслаўленне — слова тых, хто наследуе Хрыста. Прадстаўнік Папы падкрэсліў, што «трэба падняцца і ісці», «трэба ўбачыць Хрыста ў тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, і гэта — знак, які будзе адрозніваць хрысціянскіх вернікаў». Па словах Апостальскага Нунцыя, іншыя людзі павінны «ўбачыць нашу любоў, якая можа прыйсці ад Бога».

«Ваша супольнасць павінна адчуваць, што з’яўляецца часткай Паўсюднага Касцёла», — нагадаў арцыбіскуп грэка-каталіцкім вернікам. Іерарх дадаў, што абавязкам кожнага хрысціяніна з’яўляецца місія прапаведвання. Звяртаючыся да прысутных, Апостальскі Нунцый заўважыў, што яны знойдуць магчымасць «прапаведваць праз літургію вашай Царквы, якая была перададзена вам праз традыцыю Касцёла», а таксама што яны маюць прывілей, бо могуць «прапаведваць сваёй мовай у самым сэрцы Каталіцкага Касцёла і паказваць іншым святло, якое паходзіць ад Хрыста».

«Вы павінны адчуваць блізкасць Святога Айца і ўсяго Касцёла. Вы павінны адчуваць моц Духа Святога, які заўсёды будзе дадаваць вам сілы, каб рабіць новыя крокі, будзе вас умацоўваць і кіраваць вамі», — такія словы звярнуў Апостальскі Нунцый да беларускіх грэка-католікаў.

Кс. Юрый Марціновіч

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме