Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пробашч парафіі ў Свіры: наш апякун, св. Мікалай, натхняе займацца дабрачыннасцю
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
07.12.2012 17:11

Парафіяльная ўрачыстасць у Свіры стала святам для ўсяго гарадскога пасёлка. Радасць з вернікамі ўжо каторы год раздзялілі ўсе вучні і настаўнікі мясцовай школы. Амаль 20 гадоў парафія па прыкладу свайго апекуна, святога Мікалая, які заўсёды прыходзіў на дапамогу бліжнім, дапамагае вучням мясцовай школы.

На працягу некалькіх гадоў парафіяне аплочваюць школьныя абеды для дзяцей з найбольш бедных сем’яў (сёлета такіх дзяцей 12), дапамагаюць дзецям са школы выехаць на адпачынак па праграмах дабрачыннага фонду «Карытас», ужо набылі посуд у сталовую.

«Мы не падзяляем дзяцей на школьных і касцёльных», — адзначыў карэспандэнту Catholic.by пробашч парафіі Святога Мікалая кс. Багуслаў Маджэеўскі і дадаў, што працуючы ў парафіі пад такім тытулам, «заўсёды стараецца рабіць акцэнт на дабрачыннасці».

6 снежня, ва ўспамін св. Мікалая, кіраўніцтва школы так спланавала вучэбны дзень, што ўсе настаўнікі і школьнікі змаглі прыйсці на святочную Імшу а 13-й гадзіне. Прыбылі на яе таксама святары з суседніх парафій, а ўзначаліў кс. Аляксандр Барыла, дэкан Вілейскага дэканата і пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў горадзе Вілейка.  

Падчас гаміліі святар распавёў пра жыццё і лёс святога біскупа Мікалая, зрабіўшы акцэнт на дабрачыннасці — цноце, якой павінна адзначацца жыццё кожнага веруючага чалавека, і жыццё парафіі як супольнасці. Таксама кс. Аляксандр Барыла звярнуўся да дзяцей і моладзі з заахвочваннем да спраў міласэрнасці ў штодзённым жыцці.

Пасля святой Імшы дзяцей і моладзь чакаў прыемны сюрпрыз: кожны атрымаў падарунак ад святога Мікалая.

Так парафіяльная ўрачыстасць у Свіры аб’яднала людзей рознага веравызнання і нагадала, што быць святым Мікалаем у наш час (бескарысна дапамагаць патрабуючым) можа кожны. Галоўнае ў гэтым — жаданне.

Святлана Жылевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.