Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Вілейцы працягваюцца парафіяльныя місіі з нагоды 100-годдзя святыні
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
08.03.2013 13:01

У парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы працягваюцца парафіяльныя місіі, якія распачаліся 3 сакавіка і прымеркаваны да 100-гадовага юбілею касцёла. Місіі праводзяць айцы Дзмітрый Занямонскі і Анджэй Юхневіч з супольнасці Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Панны Марыі.

У дзень аднаўлення веры парафіяне мелі магчымасць паразважаць над верай, пацвердзіць яе, супольна вызнаўшы падчас Эўхарыстыі, індывідуальна ўшанаваць Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. У чарговы дзень, прысвечаны памерлым, вілейскія вернікі разам з айцамі місіянерамі разважалі над сутнасцю смерці ў хрысціянскім вымярэнні, супольна маліліся падчас святой  Iмшы за тых, хто адышоў да Пана перад намі, а потым, прайшоўшы ў працэсіі на гарадскія могілкі, удзельнічалі ў набажэнстве за памерлых.

У дзень, прысвечаны хворым i людзям сталага ўзросту, якіх у касцёле было нямала, удзяляўся сакрамэнт намашчэння хворых i адбылося набажэнства з люрдскiм благаслаўленнем. А тых, хто не змог быць у касцёле па прычыне хваробы ці слабасці, айцы місіянеры наведалі ў шпіталях і кватэрах.

Падчас святой Iмшы для сем’яў вернікі дзякавалі Пану Богу за дар сужэнства. Удзельнікі літургіі аднавілі сужэнскія абяцанні, складзеныя нават шмат гадоў таму. Наступны дзень быў прысвечаны Эўхарыстыі. Пасля святой Імшы адбылося эўхарыстычнае набажэнства з працэсіяй вакол касцёла.

Тым часам у парафіі пачаліся працы па ўстаноўцы місійнага крыжа. Наперадзе яшчэ дзень Паяднання, з Крыжовым шляхам і пакутным набажэнствам, і дзень Найсвяцейшай Панны Марыі, прысвечаны дзецям і моладзі.

На заканчэнне парафіяльных місій, 10 сакавіка, у 10 гадзін адбудзецца ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і пасля якой будзе асвечаны місійны крыж.

Вілейскія вернікі дзякуюць Пану Богу за дар святых місій, якія ўскалыхнулі ўсю парафію і падчас якіх яны адчуваюць сябе вялікай парафіяльнай сям’ёй.

Галіна Аляшкевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме