Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Тысячы вілейчан сабраліся на асвячэнне місійнага крыжа
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
11.03.2013 13:09

10 сакавіка ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы завяршыліся парафіяльныя місіі. Апошні дзень быў прысвечаны разважанням аб крыжы як алтары, на якім здзейснілася справа адкуплення і найбольш праявілася Божая любоў да чалавецтва.

Святую Імшу праводзілі айцы місіянеры кс. Дзмітрый Занямонскі OMI і кс. Анджэй Юхневіч OMI. Напрыканцы літургіі прагучаў гімн «Цябе Бога праслаўляем», якім парафіяльная супольнасць прагнула падзякаваць Богу за дар місій і духоўнага адраджэння парафіі.

Пасля святой Імшы вернікі накіраваліся да нядаўна ўсталяванага місійнага крыжа побач з касцёлам. Там адбыўся абрад асвячэння крыжа, а таксама вызнанне веры. Тысячы вілейчан і гасцей у адзін голас вызнавалі веру ў адзінага Бога ў Трох Асобах. Падыходзячы да крыжа, кожны з прысутных прысягаў вернасць Езусу Хрысту і Яго Крыжу аж да смерці.

Парафіяльныя місіі прымеркаваны да 100-гадовага юбілею святыні, якія сёлета адзначаць у Вілейцы. Місіі правялі айцы місіянеры: кс. Дзмітрый Занямонскі, пробашч парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно ў Мінску, а таксама кс. Анджэй Юхневіч, пробашч і кусташ санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Шуміліне, што на Віцебшчыне. Святары належаць да супольнасці Місіянераў Аблатаў Беззаганай Панны Марыі.

Парафіяльныя місіі — гэта больш працяглыя па часе рэкалекцыі (духоўныя практыкаванні), якія ў каталіцкіх парафіях праходзяць прыкладна раз на 10 гадоў і закліканы аднавіць веру парафіянаў. Місіі ўключаюць у сябе рэкалекцыйныя навукі для розных груп і набажэнствы (аднаўленне шлюбнай прысягі для сужонкаў, сакрамэнт споведзі, Эўхарыстыя, намашчэнне хворых). Місіі праводзяць айцы місіянеры.

Чытаць таксама:

(SZh)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.