У Вілейцы распачалася духоўная падрыхтоўка да 100-годдзя святыні |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
04.03.2013 11:29 |
3–10 сакавіка ў вілейскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа адбудуцца парафіяльныя місіі. Асаблівыя духоўныя практыкаванні прымеркаваны да 100-гадовага юбілею, які ў Вілейцы адзначаць сёлета. Галоўныя юбілейныя ўрачыстасці з гэтай нагоды адбудуцца 14 верасня з удзелам Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і іншых шматлікіх гасцей. Парафіяльныя місіі — гэта больш працяглыя па часе рэкалекцыі (духоўныя практыкаванні), якія ў каталіцкіх парафіях праходзяць прыкладна раз на 10 гадоў і закліканы аднавіць веру парафіянаў. Місіі ўключаюць у сябе рэкалекцыйныя навукі для розных груп і набажэнствы (аднаўленне шлюбнай прысягі для сужонкаў, сакрамэнт споведзі, Эўхарыстыя, намашчэнне хворых). Місіі праводзяць айцы місіянеры. Гэта час вялікай Божай ласкі, якая дапаможа выправіць і адбудаваць у парафіянах і вакол іх тое, што было знішчана грахом, што было занядбана праз абыякавасць альбо духоўную ляноту. Гэта час навяртання да Бога, час змены жыцця і духоўнага ўзбагачэння, час умацавання веры і вяртання да супольнасці Касцёла. Парафіяльныя місіі ў Вілейцы праводзяць айцы місіянеры: а. Дзмітрый Занямонскі, пробашч парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена Дэмазэно ў Мінску, а таксама а. Анджэй Юхневіч, пробашч і кусташ санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Шуміліне, што на Віцебшчыне. Святары належаць да супольнасці Місіянераў Аблатаў Беззаганай Панны Марыі. Галоўнае пакліканне ордэна — праводзіць місіі як парафіяльныя, так і замежныя. На заканчэнне парафіяльных місій 10 сакавіка ў 10.00 адбудзецца св. Імша, якую ўзначаліць Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Пасля літургіі будзе асвечаны новы місійны крыж, які будзе ўстаноўлены побач з касцёлам. Кс. Аляксандр Барыла (SZh) |
Фотарэпартаж |