На шашы Вілейка-Маладзечна асвячоны помнік ахвярам вайны 1812 года (дададзена фота) |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
23.11.2012 17:13 |
На шашы Вілейка-Маладзечна паміж прыпынкамі Гліннае і Даманава ўсталявалі помнік ахвярам вайны 1812 года. 23 лістапада адбылося асвячэнне помніка, якое здзейснілі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы. На ўрачыстасці прысутнічалі каталіцкае і праваслаўнае духавенства, губернатар Мінскай вобласці Барыс Батура, прадстаўнікі пасольстваў чатырох краін — Польшчы, Францыі, Расіі і Чэхіі, кіраўніцтва Вілейскага райвыканкама. Памятны знак з’явіўся дзякуючы намаганням гісторыка Уладзіміра Ліхадзедава, які пачаў распрацоўваць ідэю помніка яшчэ на пачатку лета. У ліпені падчас адкрыцця выставы ў мінскім музеі Вялікай Айчыннай вайны, прысвечанай вайне 1812 года, гісторык прэзентаваў сваю калекцыю літаграфій, гравюр і паштовак. Падчас адкрыцця экспазіцыі спадар Ліхадзедаў звярнуў увагу на два ўнікальныя фотаздымкі: на іх былі паказаны два помнікі ў гонар ахвяраў вайны 1812 года. Адзін з іх — на шашы Вілейка-Маладзечна. Помнік быў усталяваны ў 20-я гады польскімі ўладамі недалёка ад могілак вёскі Гліннае. Ён быў прысвечаны памяці польскіх салдат, якія загінулі падчас напалеонаўскіх войнаў. Аб гэтым сведчыў надпіс, якім быў аздоблены помнік. Прастаяў ён на гэтым месцы да 1939 года. Пасля таго, як Заходняя Беларусь увайшла ў склад Савецкага Саюза, ён быў разбураны. Арцыбіскуп Кандрусевіч у сваёй прамове падкрэсліў значнасць падзеі: «Гэта частка гісторыі, якая з’яўляецца нашай маці-настаўніцай. Мы ўспамінаем падзеі 200-гадавой даўнасці не для таго, каб трывожыць раны, якія ўжо загаіліся, але каб падобнае ніколі больш не паўтарылася. Беларусь павінна быць месцам, якое яднае народы. Вельмі важна і тое, што помнік уяўляе сабой каталіцкі і праваслаўны крыжы. Гэта як быццам знак Беларусі, дзе гэтыя канфесіі жывуць і дзейнічаюць адна побач з другой, і сёння ў іх вялікая супольная адказнасць у справе захавання хрысціянскіх каранёў і будавання будучыні на хрысціянскіх каштоўнасцях». «Мы ўсе хочам жыць у міры і спакоі. Вельмі важна, што дадзены помнік — гэта крыж, — працягваў іерарх. — Крыж складаецца з дзвюх частак: вертыкальнай і гарызантальнай. Гарызантальная прадстаўляе сабой чалавека, вертыкальная — адносіны чалавека з Богам. Калі няма вертыкальнай, гарызантальная падае. Таму гэты помнік будзе таксама нагадваць людзям пра неабходнасць жыць Божай праўдай і з Яго дапапмогай не ўпасці ў балота граху». Пасля асвячэння помніка ў мясцовым музеі адбылася прэзентацыя кнігі пра вайну 1812 г. і адрыццё адмысловай выставы. Гасцей у музеі сустракалі швейцарцы ва ўніформах часоў вайны Напалеона. Кс. Андрэй Кеўліч |
Фотарэпартаж |