У нядзелю 29 студзеня 2012 г. па ініцыятыве грэка-каталіцкай парафіі ў Маладзечне валанцёры Руху св. Мікалая наведалі мясцовую школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку. Пра гэтую падзею распавядаюць самі валанцёры.
«На гэты раз мы наведалі школу-інтэрнат для дзяцей з аслабленым зрокам у г. Маладзечна. Нягледзячы на тое, што люты ўжо не за гарамі, акцыя „Святы Мікалай ідзе да дзяцей“ працягваецца.
Асабіста я хвалявалася, бо ніколі не працавала з дзецьмі, якія дрэнна бачаць альбо не бачаць увогуле. Якія гульні праводзіць? Ці патрэбны грым акцёрам? Перажыванні былі дарэмныя! Гэта, на маю думку, было лепшым нашым выступленнем. Можа, таму, што дзеткі былі актыўнымі і дружнымі, з ахвотай удзельнічалі ва ўсіх гульнях.
Пераапраналіся валанцёры-акцёры ў бібліятэцы. Здзівілі памеры кніг. Напрыклад, кніга „Прыгоды Нільса з дзікімі гусямі“ азбукай Брайля будзе выглядаць як адзін з тамоў Савецкай Энцыклапедыі. Яе нават трымаць вельмі цяжка. Дзіўна: асабіста я магу чытаць усё, што захачу, рэальна і віртуальна, а хтосьці толькі тое, што надрукавана азбукай Брайля.
Дзеткі сустракалі нас на „ўра!“ Толькі хтосьці глядзеў, а хтосьці сваімі рукамі абмацоўваў, набліжаў свой нос амаль да твайго і пытаўся: „А што гэта за чорная пляма? А навошта яна? А дзе твае кіпцюры? А чаму ты ў рукавіцах?“ І смяяліся, і абдымалі цябе. Але больш за ўсіх дасталася хвасту Аднарога! А былі і такія, што ўвесь час сядзелі на сваіх месцах (амаль заўсёды так робяць старэйшыя, бо не хочуць бавіцца разам з малымі). Але ў гэтым інтэрнаце ўсё трошкі інакш. Калі ў дзіцяці цалкам адсутнічае зрок, то такія хлопчыкі і дзяўчынкі проста сядзелі і ўсміхаліся, бо толькі чулі цябе. Але калі акцёр падыходзіў, дакранаўся, частаваў цукеркамі, яны пачыналі адчуваць-уяўляць.
І гэта зусім не страшна! Бо дзіцячая радасць і адкрытасць не могуць напалохаць.
Я яшчэ вельмі малады валанцёр (толькі месяц як далучылася да Хрысціянскага валанцёрскага руху імя св. Мікалая), але магу з упэўненасцю сказаць, што тут можна займацца тым, што табе падабаецца, столькі, колькі захочаш, і да таго ж гэта каму-небудзь акрамя асабіста цябе (мы маем такую надзею) таксама прыносіць карысць і радасць» (Алена, валанцёр).
«Нягледзячы на па-сапраўднаму зімовае надвор’е, наш візіт да дзяцей з аслабленым зрокам у маладзечанскі інтэрнат падаўся мне вельмі цёплым і радасным. Дзеці вельмі чакалі нас, чакалі нечага незвычайнага, чароўнага — адным словам, казкі. І падаецца, мы з Божай дапамогай змаглі іх не расчараваць. Гульні, конкурсы, казачныя героі, а галоўнае, адкрытасць і шчырасць сэрцаў — усё гэта зрабіла нашую сустрэчу незабыўнай. Вельмі ўразіла тое, як натуральна, без усялякага страху і нялоўкасці камунікуюць тыя дзеці, якія бачаць, з тымі, хто не бачыць нічога ці амаль нічога. Здаецца, гэта вельмі важны досвед роўнасці, аднолькавай каштоўнасці кожнага чалавека, — досвед, якога, на жаль, у наш час не хапае ў грамадстве.
Таксама вельмі прыемна здзівіў надзвычай высокі ўзровень творчасці, таленавітасці, які мы ўбачылі ў нашых новых маленькіх сяброў: дзяўчына-падлетак, якая амаль не бачыць, займаецца пляценнем з бісеру… Яе сяброўка, якая бачыць толькі святло і цемру, цудоўна спявае… Вельмі хочацца маліцца, каб гэтыя таленты, дадзеныя ім Богам, развіваліся на Ягоную хвалу.
А таксама вельмі хочацца прыехаць у Маладзечна яшчэ раз, і нават не раз»! (Наталля , валанцёр).
Скончылася акцыя Боскай Літургіяй у храме маладзечанскай грэка-каталіцкай парафіі Хрыста Чалавекалюбцы. На набажэнстве валанцёры падзякавалі Богу за дапамогу ў правядзенні акцыі і папрасілі благаслаўлення для ўсіх дзетак, якія апынуліся ў складаных жыццёвых абставінах.
|