25 верасня 2012 г. у Маладзечне адбылася душпастырская сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У сустрэчы прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У ходзе сустрэчы Мітрапаліт згадаў пра важнасць Агульнадыяцэзіяльнага Дня моладзі ў Івянцы. Іерарх падзякаваў а. Леху Баханэку за клопат і правядзенне гэтага мерапрыемства. Арцыпастыр звярнуў увагу на патрэбу лепшай арганізацыі прыбыцця моладзі на гэтае свята.
Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў пра неабходнасць належнай падрыхтоўкі арганістаў, а такую магчымасць дае Музычная майстэрня, якая заўсёды праходзіць перад Днямі моладзі ў Івянцы. Выказаўся пра арганізацыю сустрэч міністрантаў і Парафіяду. Іерарх заахвоціў парафіі да больш актыўнага ўдзелу моладзі ў гэтых мерапрыемствах.
Падчас сустрэчы была закранута тэма пілігрымак у Нацыянальны санктуарый у Будславе. Фэст у Будславе — падзея вельмі маштабная, а таму патрабуе вельмі шмат высілкаў у яго арганізацыі. Іерарх заахвоціў усіх з большай руплівасцю падыходзіць да падрыхтоўкі ўрачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі.
Мітрапаліт нагадаў, што 11 кастрычніка 2012 г. папа Бэнэдыкт XVI распачне Год веры, у які арганічна ўпісваецца святкаванне 400-годдзя прыбыцця цудоўнага абраза Маці Божай у Будслаў. Таму, як паінфармаваў іерарх, Год веры ў Беларусі будзе праходзіць пад дэвізам: «Марыя — Маці нашай веры». Ва ўсіх касцёлах і капліцах Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, як дадаў арцыпастыр, 14 кастрычніка неабходна цэлебраваць адмысловае набажэнства з гэтай нагоды. Перад набажэнствам неабходна ўрачыста ўнесці да алтара Дакументы Другога Ватыканскага Сабору і Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. Праграма Года веры прадстаўлена ў Пастырскім пасланні, якое неабходна прачытаць вернікам 14 кастрычніка. Адным з галоўных пунктаў праграмы з’яўляецца аднаўленне крыжоў як знакаў веры.
Таксама ў Год веры адбудзецца перэгрынацыя копіі абраза Маці Божай Будслаўскай па парафіях. Праграма перэгрынацыі і адмысловыя набажэнствы прадстаўлены ў спецыяльна выдадзенай кніжцы, якую можна набыць ужо сёння. Перэгрынацыя распачнецца 5 кастрычніка ў мінскай архікатэдры ўрачыстай святой Імшой у 18.30.
У падрыхтоўцы да юбілейнай урачыстасці ў Будславе, якая адбудзецца праз 9 месяцаў, ва ўсіх парафіях, пачынаючы ад першай суботы кастрычніка, неабходна правесці Навэнну да Маці Божай Будслаўскай.
Як адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч, 23–25 лістапада ў мінскім Чырвоным касцёле адбудзецца Катэхетычны сімпозіум, на які запрашаюцца катэхеты, духавенства і кансэкраваныя асобы, а таксама студэнты Цэнтра падрыхтоўкі катэхетаў.
30 кастрычніка ў мінскай архікатэдры ў 18.30 адбудзецца святая Імша з нагоды імянін Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.
Мітрапаліт заахвоціў арганізаваць падчас актавы малітваў за памерлых асвячэнне могілак, а таксама малітвы за памерлых фундатараў і ахвярадаўцаў парафій, святароў, арганістаў, працаўнікоў касцёла. Наступная душпастырская сустрэча адбудзецца 22 лістапада ў мінскай парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы.
(AG)
|