Юбілейная сустрэча выпускнікоў гродзенскай семінарыі ў Вілейцы |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
19.10.2009 17:45 |
Выпускнікі гродзенскай Вышэйшай духоўнай семінарыі, якія скончылі вучобу 10 гадоў таму, сабраліся ў вілейскай святыні 19 кастрычніка 2009 г. Супольная малітва, канцэлебрацыя святой Імшы, сустрэча з іерархам і ўспаміны гадоў навучання за кубкам гарбаты — так выглядала сустрэча тых, якія на працягу шасці гадоў разам вучыліся, узрасталі ў веры і ў сваім пакліканні. Па традыцыі на такія сустрэчы запрашаецца біскуп, які ўзначальвае цэлебрацыю Эўхарыстыі. У гэтай сустрэчы да святароў з 10-гадовым стажам далучыўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У гаміліі арцыпастыр падкрэсліў, што пакліканне да святарства не з’яўляецца заслугай пакліканага, але выбарам Першасвятара Езуса Хрыста. «Паліканне, узгадваючы словы Яна Паўла ІІ, — гэта адначасова і дар і таямніца. Дар, які атрымаў пакліканы, бо дзейнічае моцаю Хрыста, і дар, які атрымала супольнасць, у якой працуе святар. Гэта асабліва бачна ў краінах былога СССР, дзе пасля вяртання свабоды веравызнання, як толькі з’яўляўся святар, адразу ажывала супольнасць вернікаў», — нагадаў Мітрапаліт. Арцыпастыр, віншуючы святароў-юбіляраў, выказаў удзячнасць прысутным душпастырам за іх адданую працу на жніве Пана і пажадаў ім паводле дэвізу Года святарства будаваць сваю будучыню на ласцы святарства і ніколі яе не страціць. Іерарх заклікаў святароў праз сваё служэнне дапамагчы вернікам будаваць сваё жыццё на моцным духоўным падмурку, каб яны не згубіліся ў жыцці секулярнага і рэлятывісцкага свету, не патанулі ў грахоўным моры — моры ХХІ стагоддзя, і крочылі шляхам святасці. Напрыканцы святой літургіі кс. Віктар Велівіс і пробашч вілейскай парафіі кс. Аляксандр Барыла ад імя святароў-юбіляраў павіншавалі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з 20-годдзем біскупскай сакры. Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне працуе з 1990 г. За час сваёй дзейнасці ўстанова падрыхтавала і выпусціла каля 170 святароў, якія працуюць па ўсёй Беларусі, ва Украіне, у Грузіі, Літве, Казахстане (сярод навучэнцаў першага набору былі не толькі ўраджэнцы Беларусі, але таксама іншых постсавецкіх краін). Сёння гэта пробашчы парафій, дэканы, дырэктар будаўнічага бюро, выкладчыкі пінскай і гродзенскай семінарый. |
Фотарэпартаж |