Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каманда святароў з Гродна стала пераможцам Першага чэмпіянату па міні-футболе сярод каталіцкіх святароў
Беларусь
27.11.2012 13:34
У Лідзе 26 лістапада завяршыўся Першы чэмпіянатат Беларусі па міні-футболе сярод каталіцкіх святароў. У ім прынялі ўдзел шэсць каманд: па адной з кожнай дыяцэзіі — Віцебскай, Гродзенскай, Пінскай, Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама каманды з гродзенскай і пінскай духоўных семінарый.


Папярэднічала футбольным баталіям Імша ў лідскім фарным касцёле, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У гаміліі арцыпастыр падкрэсліў вартасці футболу, адзначыўшы, што гэтая гульня «вучыць павазе да іншага чалавека і ахвярнасці дзеля дабра ўсёй каманды», «дазваляе ўбачыць таленты кожнага спартсмена», «вядзе да логікі братэрства і любові». Іерарх прывёў таксама аналогіі паміж жыццём хрысціяніна і футболам.

Правёўшы жараб'ёўку, Мітрапаліт пажадаў, каб гэты футбольны турнір стаў прыкладам хрысціянскага жыцця і справай абвяшчэння веры.

Поўны тэкст гаміліі тут>>>

На раз-два-тры разлічыся! 

Сярод заяўленых каманд, бадай, толькі гродзенцы мелі пэўны вопыт: разам яны гуляюць не першы год, за плячыма каманды — два еўрапейскія чэмпіянаты па міні-футболе сярод святароў (у 2010-м і 2011-м гг.). Пры гэтым гродзенская каманда была адзінай, хто на беларускі чэмпіянат прыехаў з асобным трэнерам…
 
Чаканні балельшчыкаў зборная з Гродна ў выніку пацвердзіла. Каманда перамагла ў трох матчах з чатырох, забіўшы супернікам ў агульнай колькасці 9 галоў. Навязаць барацьбу гродзенцам змаглі па сутнасці толькі святары з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (каманда «Мінск»). Яны не толькі першымі адкрылі лік у вочнай сустрэчы, але і дамінавалі першую частку гульні. Гол у першым тайме, відавочна, выбіў гродзенцаў са стартавага настрою на гульню як фаварытаў. Было заўважна, што святары нервуюцца, спрабуючы «ўтаймаваць» спрытнага суперніка. Частыя замены і гульнявая практыка тым не менш зрабілі сваю справу — «Гродна» зраўняў лік, зрабіўшы яго 1:1.
 
Адразу пасля матча «Гродна»-«Мінск» на поле выйшлі зборныя Пінска і Віцебска. У нейкай ступені каманды знаходзіліся ў падобных умовах: для кожнай з іх гульня стала дэбютам, да таго ж да абедзвюх каманд балельшчыкі на трыбунах «дыхалі» аднолькава роўна. Чэмпіянат праходзіў у сценах Гродзенскай дыяцэзіі, таму большасць балельшчыкаў складалі прыхільнікі “Гродна”.
 
Тым не менш супрацьстаянне адбылося моцным. «Пінск» з першых хвілін імкнуўся перахапіць ініцыятыву і не адпускаць суперніка далёка ад яго штрафной пляцоўкі. Але і «Віцебск» быў не горшы: блакіруючы атакі капітана пінчан кс. Аляксея Раманчука, яны спраўна пераходзілі ад абароны да нападзення. Часам жарсці накаляліся так моцна, што, здавалася, голу не мінаваць… Аднак у гэтым матчы лік так і не быў адкрыты. Пасля двух таймаў ён па-ранейшаму складаў 0:0.
 
Аналізуючы тактыку камандаў Віцебска і Пінска, варта адзначыць частковае падабенства ў стылі гульні каманд. З супернікамі яны гулялі больш-менш роўна. Пры гэтым ні «Пінску», ні «Віцебску» не ўдалося навязаць сур’ёзнай барацьбы вопытным гродзенцам. Матчы «Пінск-Гродна» і «Віцебск-Гродна» скончыліся вікторыяй «Гродна», прычым у абодвух выпадках з перавагай большай чым у 3 ачкі: «Віцебск-Гродна» — 1:4, «Пінск-Гродна» — 0:4.
 
Варта прызнаць, што ў дастаткова зладжанай гульні віцябчан і пінчукоў не хапала толькі яркай кропкі. Гуляючы дастаткова роўна з гродзенцамі першую частку матчу, у другой палове гульні каманды паступова аддавалі ініцыятыву супернікам. У выніку атакі «Гродна» завяршаліся галамі менавіта на апошніх хвілінах матчаў. Найбольш зладжаным у камандзе «Гродна» быў тандэм кс. Артур Малафейкс. Павел Салабуда, якія тэхнічна рэалізавалі некалькі галявых схем.
 
У выпадку, калі чэмпіянат па міні-футболе сярод каталіцкіх святароў стане традыцыйным, асноўным канкурэнтам камандзе з «Гродна» будзе «Мінск», які дзейнічае ў гульнях з нёманцамі больш стабільна за іншыя каманды ў групе. 
 
Калі параўнаць гульню «Мінска» з гульцамі Пінскай і Віцебскай дыяцэзій, то тут карціна выглядае адносна роўнай: «Мінск-Віцебск» (0:1) і «Мінск-Пінск» (1:0).
 
Семінарыі ў Гродне і Пінску: хто мацнейшы ў міні-футболе?
 
Калі б турнір праходзіў гады тры-чатыры таму, некаторыя члены каманд «Віцебска» і «Мінска» маглі б гуляць за зборную пінскай семінарыі. Лідарства ў рандэву паміж гродзенскай і пінскай семінарыямі абяцала стаць яшчэ адной важнай падзеяй чэмпіянату. І калі гульні святароў праходзілі з пэўнай доляй прагнозу (вопыт «Гродна» на еўрапейскіх чэмпіянатах сведчыў пра ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі каманды), то ў супрацьстаянні клерыкаў Гродна і Пінска выявіць фаварыта было не з простых. Гродзенцаў з трыбун падтрымліваў рэктар семінарыі кс. Юзаф Станеўскі, пінчукам баявы настрой перадаваў прэфект пінскай семінарыі (ён жа капітан «Пінска») кс. Аляксей Раманчук
 
Бітва семінарыстаў была яркай. Маладая кроў, высокія хуткасці, частыя контратакі. Хоць матч паміж клерыкамі і доўжыўся 17 хвілін, а не па 7 (як у камандах святароў), гледачам гэта не перашкаджала: яны ўсё гэтак жа нецярпліва ўзіраліся ў поле, выкрыкваючы словы падтрымкі.
 
Першымі лік адкрылі пінчукі. Кантралюючы ход першага тайму, яны блакіравалі атакі гродзенцаў, большую частку тайму «гасцюючы» ля варот суперніка. Клерыкі з Гродна напачатку, відаць, проста разгубіліся ад такой юркасці апанентаў. Па-сапраўднаму нервавацца балельшчыкі Гродзенскай семінарыі пачалі, калі лік на табло стаў 2:0.
 
Завалодаўшы ініцыятывай, пінскія хлопцы імкнуліся ўтрымаць лідарства, не даючы суперніку шансаў. Атмасфера на полі нагадвала супрацьстаянне гепардаў і сокалаў. Гульня накалялася, эмоцыі ў балельшчыкаў даходзілі да кіпення… ГОЛ! 2:1.
 
Трэнерскі штаб гродзенскіх семінарыстаў бярэ тайм-аўт для кансультацыі. У зале напружанасць. Ніхто не ведае, чаго чакаць далей — наперадзе не толькі канец першага тайму, але і цэлы 17-хвілінны другі тайм. Усе ў прадчуванні сенсацыі: ці змогуць клерыкі з Гродна даказаць клас старэйшых калег? Ці правучаць пінскія семінарысты футбалістаў з Гродна? Хто з семінарый гуляе ў футбол лепш?
 
Але тайм-аўт скончаны і гульня працягваецца. Вострыя галявыя моманты, чырвоная картка з выдаленнем для аднаго з пінчукоў і… 2:2. У апошнюю хвіліну першага тайму лік гульні зраўняны.
 
Другі тайм прайшоў не менш востра за першы, але ў ім каманды толькі абмяняліся па адным голе. Матч скончыўся з лікам 3:3. Суддзі матчу былі вымушаны прыбегнуць да серыі пенальці.
 
Такую напружанасць з боку беларускіх балельшчыкаў можна прыпомніць хіба што на Алімпійскіх гульнях або на фінале тэніснага US Open паміж Вікторыяй Азаранка і Серэнай Уільямс, калі беларуска, ведучы з лікам 2:6, 6:2, 2:5, падавала на гейм…
 
Першымі пенальці прабівалі пінчукі: і першыя два галы дасягнулі варот. Такі ж вынік —  у зборнай гродзенскай семінарыі. Лёс каманд вырашалі выніковыя ўдары: галоўнае — не саступіць псіхалагічна. Клерык з Пінска падыходзіць да мяча, разганяецца, удар — і галкіпер адбівае мяч сваім целам! Балельшчыкі гродзенцаў «выбухаюць» авацыямі. Але хвіліна — і ўсе сціхаюць: ці змогуць гродзенцы выйграць? 
 
Да варот падыходзіць клерык з Гродна. Разганяецца. Б’е і…ГОЛ! З лікам 5:6 у крыўднай серыі пенальці перамаглі семінарысты з Гродна.
 
Эпілог
 
Вынікі чэмпіянату1 месца  Гродзенская дыяцэзія, 2 месца  Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, 3 месца  Віцебская дыяцэзія, 4 месца  Пінская дыяцэзія. 
 
Наступны чэмпіянат Беларусі па міні-футболе сярод святароў пройдзе ў Віцебскай дыяцэзіі. Ужо сёння можна сказаць, што нас чакае шмат цікавага. Прынамсі, рэванш пінскія семінарысты пастараюцца не ўпусціць. Ды і святары збольшага прыгледзеліся да стылю гульні суперніка, ведаюць яго моцныя і слабыя бакі, таму, калі і трэніравацца будуць, магчыма — будзе і новы чэмпіён.
 
Але гэта справа мужчынская. Ці не прыйшоў час падумаць пра спаборніцтва для жанчын? Можа, і ў жаночых кляштарах дзесьці дрэмле футбольны талент…
 
Ілья Лапато OCDS 
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме