Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Свята працаўнікоў чыгункі прайшло ў Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
26.11.2012 11:08

25 лістапада працаўнікі чыгункі з Гродна, Ліды, Парэчча і Ваўкавыска ўшанавалі сваю апякунку — святую Кацярыну Александрыйскую. З гэтай нагоды ў гродзенскім касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля адбылася ўрачыстая святая Імша пад кіраўніцтвам біскупа Аляксандра Кашкевіча.

Душпастырства чыгуначнікаў дзейнічае ў Гродзенскай дыяцэзіі ўжо 15 гадоў і апякуецца некалькімі сотнямі людзей, што працуюць на чыгунцы, і іх сем’ямі.

Як паведаміў Сatholic.by а. Андрэй Шчупал CSRS, выкладчык Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, ідэя заснавання такога душпастырства нарадзілася ў 1991–1992 гг. у Парэччы, дзе гэты святар тады быў пробашчам. Многія працаўнікі чыгункі сустракаюцца на малітве ў касцёле, удзельнічаюць у жыцці парафіі. Іх аб’ядноўвае адна сфера дзейнасці, аднолькавыя інтарэсы, тэмы. Таму было вырашана, каб яны атрымалі сваё месца ў Касцёле. Па словах а. Андрэя Шчупала, для чыгуначнікаў рэгулярна праводзяцца фармацыйныя сустрэчы, Эўхарыстыя, якая яднае іх асаблівым чынам. Таксама арганізуюцца пілігрымкі працаўнікоў чыгункі ў Польшчу, даецца магчымасць удзелу ў еўрапейскіх сустрэчах чыгуначнікаў.

Айцец Станіслаў Станеўскі CSRS, дыяцэзіяльны душпастыр чыгуначнікаў, адзначыў, што такія сустрэчы вельмі патрэбныя, карыстаюцца папулярнасцю, бо гэта своеасаблівы від душпастырства. Іх удзельнікі жадаюць распачынаць малітвай кожную справу і працу.

У гаміліі падчас святой Імшы а. Андрэй Шчупал падкрэсліў, што «праца чыгуначніка цяжкая, бо ўвесь час трэба спатыкацца з рознымі людзьмі». Разам з тым на іх «ляжыць таксама вялікі абавязак: даваць сведчанне веры, чаго ад вас чакае Пан Бог і Касцёл». Святар заахвоціў чыгуначнікаў не саромецца сваёй веры, асабліва ў дарозе, у падарожжы, «вызнаваць і паказваць, што вы людзі вялікай веры». Таксама а. Шчупал заклікаў служыць тым людзям, з якімі чыгуначнікі сустракаюцца ў сваёй працы, паказваць ім добры прыклад, будаваць Валадарства Хрыста.

Таксама сёлета адзначаецца 150-годдзе Беларускай чыгункі, таму ў гэты дзень маліліся за ўсіх чыгуначнікаў, якія працуюць днём і ноччу і клапоцяцца пра тое, каб іншыя дасягнулі сваёй мэты ў дарозе.

Ва ўрачыстасцях у Гродне ўдзельнічаў і праваслаўны святар протаіерэй Аляксандр, прадстаўнік епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія. Прадстаўнік БПЦ пажадаў чыгуначнікам знайсці ў сваім жыцці галоўны шлях — Хрыста — і несці Яго іншым людзям.

Радасць ад свята прыехалі падзяліць са сваімі беларускімі калегамі таксама чыгуначнікі з Польшчы.

Пасля літургіі адбылося асвячэнне фігуры св. Кацярыны Александрыйскай, устаноўленай каля касцёла. Гэтае месца стане асаблівым месцам малітвы чыгуначнікаў і бачным знакам існавання ў парафіі душпастырства працаўнікоў гэтай сферы, якія бачаць у Богу галоўны сэнс і змогуць паказваць іншым правільны кірунак.

Кс. Юрый Марціновіч
 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме