У Дзень Незалежнасці Польшчы ў Гродне памаліліся за палякаў |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
12.11.2012 11:47 |
11 лістапада 2012 г. у касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў урачыстую святую Імшу, падчас якой маліліся за ўсіх палякаў. Нагодаю стала нацыянальнае свята Польшчы — Дзень Незалежнасці. Гэтае свята нагадвае пра веру айцоў, гісторыю, моц духа папярэдніх пакаленняў. Дзень Незалежнасці адзначаецца ў Польшчы штогод 11 лістапада на ўспамін атрымання польскім народам дзяржаўнай незалежнасці ў 1918 годзе пасля 123 гадоў ад падзелаў, здзейсненых Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. У гэты дзень у гродзенскай святыні на літургіі сабраліся вернікі, якія адчуваюць сваю прыналежнасць з народам Польшчы, якія паходзяць з польскіх сем’яў. На малітве прысутнічаў таксама генеральны консул Польшчы ў Гродне Анджэй Хадкевіч разам з супрацоўнікамі консульства. Гамілію прамовіў пробашч парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля а. Дзмітрый Лабкоў CSsR. Святар, зыходзячы з літургіі слова, адзначыў, што «вялікім з’яўляецца той, хто, давяраючы Богу, у стане аддаць тое, што сам прыняў». У гэты ж дзень маліліся таксама за дзяцей і моладзь, якія вучацца ў польскай школе ў Гродне. На заканчэнне святой Імшы біскуп Кашкевіч нагадаў, што лістапад — «гэта месяц асаблівай памяці за памерлых, блізкіх нашаму сэрцу». «Гэта асаблівы час, калі наведваем могілкі, каб у некаторай ступені задумацца таксама пра сваё жыццё, пра вечнасць», — дадаў біскуп Гродзенскі. Іерарх таксама нагадаў, што ў гэтым годзе прыпадае 94-я гадавіна атрымання незалежнасці народам Польшчы. «Наш абавязак — памятаць пра тых, якія, абараняючы Айчыну, аддалі сваё жыццё», — дадаў біскуп, адзначыўшы, што больш важнай з’яўляецца не знешняя пастава чалавека — успамін пра герояў, але малітва за душы памерлых, якія церпяць у чыстцы. Пасля літургіі адбыўся канцэрт «Свята любові каханай Айчыны» ў выкананні салістаў варшаўскай Нацыянальнай Оперы і групы «Гродзенскія салаўі». На заканчэнне свята спадар Анджэй Хадкевіч падзякаваў усім, хто прычыніўся да яго арганізацыі, пры гэтым адзначыўшы, што «свята незалежнасці Польшчы — гэта не толькі палітычная свабода, але перш за ўсё свабода ў стварэнні культуры». Кс. Юрый Марціновіч (VGr) |
Фотарэпартаж |