У малітве да благаслаўлёных мучаніц з Навагрудка |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
10.08.2012 15:22 |
У канцы ліпеня з касцёла Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне вырушыла трэцяя пешая пілігрымка да месца мучаніцтва благаслаўлёных сясцёр назарэтанак у Навагрудку. У пілігрымцы прынялі ўдзел 65 чалавек, якія неслі свае малітвы за святароў і сем’і — менавіта за іх аддалі сваё жыццё сёстры-мучаніцы. Пад дэвізам «Толькі з верай у Езуса» пілігрымы трывалі разам сем дзён: разам маліліся, разам удзельнічалі ў адарацыях, разам пераадольвалі цяжкасці, разам гатавалі ежу і, безумоўна, радаваліся жыццю. Дзякавалі Богу за надвор’е: за сонейка і дождж. 4 жніўня на месцы расстрэлу благаслаўлёных сясцёр адбылася святая Імша, а пасля ў навагрудскай святыні, дзе знаходзяцца рэліквіі сясцёр, было малітоўнае начное чуванне, якое завяршылася літургіяй на світанні. С. Таццяна Стасюкевіч Сёстры назарэтанкі прыбылі ў Навагрудак у 1929 г. па запрашэнні тагачаснага Пінскага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Яны павінны былі ўзяць пад апеку Белую Фару (касцёл Перамянення Пана), а таксама заняцца выхаваннем і навучаннем мясцовых дзяцей. 1 жніўня 1943 года яны былі расстраляны фашыстамі за некалькі кіламетраў ад свайго кляштара. Да ліку благаслаўлёных сёстры былі далучаны папам Янам Паўлам ІІ у 2000 г. Цяпер у святыні знаходзіцца абраз, які быў на плошчы Святога Пятра ў Рыме падчас беатыфікацыі 11 сясцёр. |
Фотарэпартаж |