Сёстры назарэтанкі правялі ў Навагрудку рэкалекцыі для сем’яў |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
22.08.2012 16:31 |
У Навагрудку прайшлі рэкалекцыі для сем’яў, арганізаваныя сёстрамі назарэтанкамі. Рэкалекцыі адбываюцца ўжо трэці год. Рэгулярныя сустрэчы праходзяць кожны месяц у Гродне і Смаргоні, а духоўныя практыкаванні — 3–4 разы ў год у Навагрудку. Удзельнікі гэтых духоўных практыкаванняў праходзяць фармацыю ў харызме Асацыяцыі Святой Сям’і з Назарэта, заснаванай благаслаўлёнай Францішкай Сядліскай разам з Кангрэгацыяй Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі). Ідэяй заснавальніцы было распаўсюджанне назарэтанскай харызмы — Валадарства Божай любові — не толькі яе духоўнымі дочкамі законніцамі, але і свецкімі вернікамі. Асаблівасцю сёлетніх рэкалекцый было прыняцце першых кандыдатаў у Асацыяцыю Святой Сям’і з Назарэта. Пасля абавязковай двухдзённай фармацыі кандыдаты (цэлыя сем’і, прадстаўнікі сем’яў і моладзь) падпісалі на саркафагу Благаслаўлёных сясцёр мучаніц дэкларацыі, пацвярджаючыя іх прыналежнасць да асацыяцыі, тым самым абяцаючы жыць ідэалам Святой Сям’і, распаўсюджваць харызму адзінства і любові ў сваіх сем’ях і акружэнні і пастаянна падтрымліваць малітвай сясцёр назарэтанак і ўсе сем’і свету. Сёстры ў сваю чаргу моляцца за кандыдатаў і ў далейшым будуць спрыяць ім на шляху духоўнага развіцця. |
Фотарэпартаж |