26 лістапада 2012 г., Ліда
1. У сучасным свеце футбол становіцца ўсё больш і больш папулярным і захапляе як маладых, так і старэйшых. На жаль, нярэдка гэтае захапленне з духоўнага пункту гледжання становіцца хваравітым, бо замест таго, каб прымаць удзел у нядзельнай святой Імшы, людзі ідуць на футбол. Таму такое захапленне нельга назваць нармальным для хрысціяніна.
У сувязі з гэтым Касцёл, не застаючыся абыякавым на спартыўныя, у тым ліку і футбольныя, спаборніцтвы і развіццё гэтага віду спорту, выказвае сваю заклапочанасць духоўным станам як саміх футбалістаў, так і балельшчыкаў, паводзіны якіх на стадыёнах вельмі часта не маюць нічога супольнага з футболам. Вялікі прыхільнік спорту благаслаўлёны Ян Павел II падкрэсліваў, што ўкрыты ў спорце патэнцыял з’яўляецца інструментам інтэгральнага развіцця чалавека і спрыяе будаванню больш чалавечага грамадства. Пачуццё братэрства, велікадушнасць, справядлівасць і пашана да чалавечага цела спрыяюць будаванню грамадства, у якім месца антаганізмаў займае спартыўнае спаборніцтва, сустрэча цэніцца больш, чым канфлікт, а справядлівая барацьба — больш, чым заўзятая канфрантацыя.
Футбол — як групавы від спорту — з’яўляецца школай, якая вучыць павазе да іншага чалавека і ахвярнасці дзеля дабра ўсёй каманды. Ён таксама дазваляе ўбачыць таленты кожнага спартсмена. Такім чынам, футбол дапамагае ўзнесціся вышэй за логіку індывідуалізму і эгаізму і вядзе да логікі братэрства і любові, якія дапамагаюць будаваць грамадства з мэтай развіваць супольнае дабро, — як кажа папа Бэнэдыкт XVI.
2. Найбольш глабалізаваны від спорту, якім з’яўляецца футбол, усё больш і больш становячыся як быццам новай свецкай сусветнай рэлігіяй, у той жа час мае шмат аналогій з хрысціянствам.
Так, святы Апостал Павел выкарыстоўвае прыклады старажытных відаў спорту, якімі з’яўляюцца бег і бокс, каб на іх прыкладзе заахвоціць чалавека да духоўнага развіцця.
Паміж футболам і жыццём чалавека таксама ёсць шмат параўнанняў і аналогій.
Найперш, калі мы размаўляем пра футбол, то ўзгадваем футбольнае поле, на якім гуляюць футбалісты. Полем дзейнічання хрысціян ёсць свет. Езус не прасіў свайго Айца, каб забраў Яго вучняў са свету, але каб бараніў ад зла (пар. Ян 17, 15).
Далей ідуць лініі, якіх шмат на футбольным полі і якія ў пэўным сэнсе рэгулююць гульню каманды і нават яе ацэньваюць. Калі мяч перасякае лінію варот і трапляе ў іх, атрымліваецца гол. Калі толькі перасякае яе і не трапляе ў вароты — то ўдар ад варот. Калі перасякае бакавую лінію ад нагі гульца адной каманды, то яго ў гульню ўводзіць іншая каманда. У духоўным жыцці таксама ёсць лініі, якія накрэсліў Бог. Іх неабходна захоўваць, бо ў іх межах адбываецца духоўны прагрэс, да якога мы павінны імкнуцца і аб чым нагадвае св. Апостал Павел (пар. 1 Цім 4, 15-16).
Трэцім параўнаннем паміж футболам і хрысціянствам з’яўляюцца дзве каманды, якія гуляюць на фубольным полі. У жыцці мы свядома ці несвядома гуляем на баку Бога або на баку злога духа. Аб гэтым вельмі часта нагадвае Святое Пісаннне. Езус кажа, што нельга служыць дваім гаспадарам (пар. Мц 6, 24).
Наступны пункт сходнасці — гэта правілы і пакаранні. Яны ёсць у футболе, і іх трэба захоўваць. Незахаванне вядзе да пакарання і нават да выключэння з гульні. Святы Апостал Павел навучае, што ніхто не атрымае ўзнагароды, калі не спаборнічае паводле правіл (пар. 2 Цім 2. 5). Святое Пісанне прадстаўляе правілы жыцця і пакаранні за іх незахоўванне (пар. 2 Цім 3, 16).
Пятым супольным пунктам з’яўляецца суддзя. Менавіта ён судзіць футбольны матч і фіксуе перамогу той ці іншай каманды. Нашым суддзёй у жыцці ёсць Бог, які ўсё ведае і бачыць. Ён справядлівы суддзя (пар. 2 Цім 4, 8).
Шостым пунктам аналогіі паміж футболам і хрысціянствам з’яўляецца нападзенне і абарона. Падобна таму, як ніводная футбольная каманда не можа паспяхова гуляць без добрага нападу і адпаведнай абароны, таксама і ў нашым жыцці мы не спадабаемся Богу і не будзем паспяховымі, калі не абаронімся ад спакусаў і зла і іх не пераможам (пар. Як 1, 27). Таму мы павінны мець добрае духоўнае нападзенне і абарону.
Сёмае параўнанне — гэта лідар. У футбольнай камандзе павінен быць лідар. Гэта яе капітан, ад якога шмат залежыць, бо ён вядзе каманду. Нашым лідарам ёсць Езус Хрыстус (пар. Габр 2, 10), і на Яго мы павінны раўняцца.
Восьмым пунктам з’яўляцца час. Футбольны матч складаецца з двух таймаў па 45 хвілін. Гэта запраграмаваны час гульні. Таксама і час нашага жыцця запраграмаваны Богам. Каб выйграць фубольны матч, неабходна добра выкарыстаць яго час. Каб выйграць духоўную ўзнагароду, неабходна таксама згодна з Божай воляй выкарыстаць час зямнога жыцця.
Дзявятае параўнанне — гэта футбольны мяч. Нельга гуляць у футбол без мяча. З прабітым мячом мы нічога не зробім. Таму неабходна клапаціцца пра мяч. У параўнанні з духоўным жыццём ён можа прадстаўляць душу чалавека. Нездарма Езус кажа: якая карысць чалавеу, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы пашкодзіць? (пар. Мк 8, 36). Таму ў нашым жыцці найперш неабходна клапаціцца аб сваёй душы.
Дзясятым і апошнім параўнаннем з’яўляецца гол — мэта кожнай гульні. Мэта жыцця чалавека — гэта вечнае шчасце, да якога павінен імкнуцца кожны чалавек (пар. Піл 3, 14). Святы Апостал Павел вучыць, што калі мы ўваскрэслі з Хрыстом, то павіны шукаць Вышняга, гэта азначае Хрыста (пар. Кал 3, 1). Нам нельга згубіць Яго з нашага поля зроку, каб шчасліва дасягнуць вечнага шчасця ў небе.
3. Хаця ёсць шмат аналогій паміж жыццём хрысціяніна і футболам, тым не менш хрысціянскае жыццё — гэта не гульня і не забава, а духоўная практыка.
У сувязі з гэтым няхай футбольны турнір, які распачынаецца малітвай, дапаможа нам самім і нашым вернікам, футбалістам і балельшчыкам, адказаць на наступныя пытанні. Ці не настаў час распачаць гуляць паводле правіл, гэта азначае весці жыццё паводле Божага закону і адпаведна сябе паводзіць на стадыёне? Ці не павінны мы ўсе з большай павагай ставіцца да найвышэйшага і найбольш справядлівага суддзі і нашага духоўнага капітана, якім ёсць Бог? Ці не трэба больш увагі прысвяціць таму, каб бегчы ў належным напрамку, гэта азначае паводле накірунку, дадзенага Богам? Ці ў нас ёсць баланс паміх нападам і абаронай? Ці не прыйшоў час больш уважліва клапаціцца аб нашай душы? А можа, нам неабходна адарваць наш позірк ад зямных справаў і глядзець на галоўнае — на мэту нашага жыцця, якой ёсць вечнасць, падобна таму, як футбаліст чыніць усё магчымае, каб толькі забіць гол?
Гэта заданні, якія стаяць перад сучасным хрысціянствам, перад футбалістамі і балельшчыкамі, у час крызісу веры. Гэта заданні, якія таксама стаяць перад намі — духоўнымі асобамі, — каб сваім навучаннем і прыкладам, а таксама гульнёй у футбол паводле правіл паказаць яго прыгажосць і, зыходзячы з аналогіі хрысціянства з ім, заахвоціць да жыцця паводле Евангелля. Няхай жа футбольнае спаборніцтва, якое распачынаецца, стане ўкладам у справу новай евангелізацыі для перадачы веры, без якой няма збаўлення. Амэн.
|