15 верасня 2012 г. грэка-каталіцкая парафія св. Язафата ў Лідзе адзначала парафіяльнае свята. Урачыстую літургію ўзначаліў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
У якасці гасцей на свяце прысутнічалі біскупскі вікарый, пробашч парафіі Ліда-Фара кс. Уладзімір Гуляй, айцы піяры Андрэй Апель і Ян Асіповіч з парафіі ў Індустрыяльным, сёстры ордэна Notre-Dame, протапрэзбітэр Цэнтральна-Заходняга протапрэзбітэрату Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі а. Яўген Усошын, душпастыр баранавіцкай грэка-каталіцкай парафіі св. Кірыла і Мятода а. Яўген Маліноўскі, а таксама душпастыр грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне а. Андрэй Крот.
Удзельнікі літургіі маліліся за вернікаў і душпастыраў парафіі св. Язафата, а таксама за ўсіх жыхароў Ліды, за святароў, якія там служаць, за мясцовыя ўлады і за адзінства ўсіх хрысціян.
У гаміліі а. Андрэй Крот узгадаў важныя падзеі з жыцця св. Язафата і падкрэсліў важнасць аб’яднання хрысціянскіх Цэркваў, дзеля якога варта паступіцца ўпартасцю і амбіцыямі. Па словах святара, неабходна зразумець, наколькі страшным з’яўляецца грэх падзелу таго, што па сутнасці сваёй непадзельнае, — Хрыстова Цела, святы Касцёл. Як дадаў а. Андрэй Крот, лёс і гісторыя Уніі, што была заключана ў Брэсце ў 1596 г., вельмі нагадвае лёс святога Язафата, які быў не толькі сапраўдным яе сынам, але і дзеячам, пакутнікам, святым. Папа Ян Павел ІІ назваў святамучаніка Язафата Кунцэвіча «Апосталам еднасці».
Напрыканцы набажэнства адміністратар парафіі а. Андрэй Буйніч падзякаваў усім прысутным за ўдзел у супольнай малітве. Госці атрымалі з рук архімандрыта Сяргея Гаека іконкі св. Язафата як напамін аб перажытым свяце. Пасля літургіі ўсіх чакаў пачастунак і цёплыя размовы.
Вераніка Велігор
|