Касцёл вачыма беларусаў: Шатландыя (Вялікабрытанія) |
Беларусь |
12.04.2013 10:30 |
Тут не асвячаюць стравы на велікодны стол. Святую Камунію прымаюць на руку і толькі стоячы. А святара вітаюць словамі «Добрай раніцы, айцец». Пра каталіцкую традыцыю Шатландыі (Вялікабрытанія) распавядае беларуска Наталля Блэкмэн. «Падчас шлюбу ці хросту вы абавязкова ўбачыце ў касцёле мужчыну ў кілце» Мяне завуць Наталля. З дзяцiнства я наведвала касцёл Узвышэння святога Крыжа ў Вiлейцы. Але так склалася, што свой родны куток я пакiнула ў 2007 годзе і сёння жыву ў Эдынбургу. Горад з’яўляецца сталіцай Шатландыі і першым па велiчынi горадам гэтай мясцовасці. У жнiўнi, калі праходзіць Эдынбургскі фестываль, дзякуючы турыстам насельніцтва горада падвойваецца. Штогод Эдынбург прыцягвае да 13 млн турыстаў, гэта другі па папулярнасці турыстычны горад Вялікабрытаніі пасля Лондана. Паводле маіх назіранняў, брытанцы вельмі ветлівыя, у іх добрае пачуццё гумару. Пры сустрэчы яны заўсёды размаўляюць пра надвор’е, любяць чакаць у чэргах (усміхаецца — Аўт.) i заўсёды чымсьці занятыя. Наталля з сынам Альфрэдам
У Шатландыі жыве амаль пяць мільёнаў чалавек, з іх каля 20 працэнтаў — католікі. Але калі суаднесці гэты паказчык з агульнай колькасцю жыхароў Злучанага Каралеўства, то атрымаем толькі 12 працэнтаў. Мяне вельмі ўразіла, што мужчыны-шатландцы любяць апранаць «кілт» (прадмет мужчынскага нацыянальнага касцюма). Калі вы будзеце сведкам шлюбу або хросту ў шатландскім касцёле, то абавязкова дзе-небудзь убачыце мужчыну, апранутага ў кілт (усміхаецца — Аўт.). У іншых абставінах, напрыклад, падчас святой Імшы ў нядзелю, шанс, што вы знойдзеце парафіяніна ў кілце, мінімальны. Мужчыны апранаюць кілт толькі падчас важных і значных падзей ў жыцці. «Камунію людзі прымаюць стоячы, ксёндз альбо акаліт удзяляюць Святую Камунію на руку» У Эдынбургу я хаджу ў катэдральны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі. У ім ёсць вялікі арган, а таксама захоўваюцца рэліквіі св. Андрэя (апостал Андрэй — заступнік Шатландыі). Знайсці святыню было нескладана — па горадзе былі вывешаны кірункі для турыстаў.
Памятаю, пасля Імшы да нас падышла жанчына пажылога ўзросту і распачала з намі гутарку. З часам яна ж пазнаёміла нас са святарамі і іншымі вернікамі. Можна сказаць, праз яе мы далучыліся да актыўнага жыцця парафіі: я пачала спяваць у хоры, а мой муж далучыўся да групы акалітаў (асобы, якія дапамагаюць святару ўдзяляць Камунію, часам пад двума постацямі). Наталля з сяброўкамі па хору У нашым касцёле парафіяне вітаюцца са святаром словамі «Добрай раніцы, айцец» (Good morning, Farther). Спачатку мне было неяк нязручна. Хацелася сказаць «Хвала Хрысту» па-англійску, але я не была упэўненая, ці зразумеў бы мяне хто-небудзь. Святую Камунію людзі прымаюць стоячы. Ксёндз альбо акаліт ўдзяляюць Святую Камунію на руку. Сакрамэнт споведзі адбываецца раз на тыдзень, звычайна ў суботу. У некаторых касцёлах, дзе колькасць парафіян невялікая, наконт споведзі са святаром трэба дамаўляцца загадзя. Пасля заканчэння Імшы пры выхадзе з касцёла абавязкова сустрэнеш святара, які жадае парафіянам добрага дня, кожнага вітаючы паасобку… Калі параўнаць колькасць маладых парафіянаў Касцёла ў Беларусі і тут, у Шатландыі, то яна значна адрозніваецца. На жаль, тут не практыкуюцца моладзевыя сустрэчы, пілігрымкі, чуванні ў парафіі... З іншага боку, на нацыянальным узроўні існуе Каталіцкае моладзевае аб’яднанне Шатландыі (Catholic Youth Service Scotland). Моладзь з васьмі дыяцэзій некалькі разоў на год збіраецца на супольную малітву, размовы і канферэнцыі з удзелам біскупаў краіны. Чарговае такое мерапрыемства пад дэвізам «Рыа ў Шатландыі» (Scotland’s RIO) пройдзе ў ліпені і будзе спалучана з Сусветным днём моладзі. Адметнай падзеяй у жыцці Касцёла ў Злучаным Каралеўстве, а таксама
вызнаўцаў іншых рэлігій была візітацыя папы Бэнэдыкта XVI. Святы Айцец
наведаў Лондан, Эдынбург і Глазлоў у верасні 2010 года. Усе жыхары
вельмі цёпла віталі Пантыфіка. Я добра памятаю, як Святы Айцец прaязджаў
у сваім папамабілі па цэнтральнай вуліцы Эдынбурга. «Тут не практыкуюць асвячэння страў на велікодны стол» Што мяне здзівіла, то гэта той факт, што Рараты перад Божым Нараджэннем не з’яўляюцца абавязковымі. Падчас Адвэнту толькі дзе-нідзе можна ўбачыць адчыненыя зранку дзверы ў касцёл падчас Адвэнту. Памятаю, у мінскай катэдры на час Адвэнту была арганізавана дадатковая Імша у 7.45… Яшчэ я вельму сумую па беларускай традыцыі Касцёла асвячаць велікодныя стравы. На жаль, тут не практыкуюць асвячэнне страў і іншых рэчаў на святы і ўрачыстасці, аднак, у Пальмовую нядзелю асвячаюць «крыжыкі», зробленныя з пальмовых галінак. Некалькі чалавек з касцёла загадзя займаюцца іх вырабам, каб на Пальмовую нядзелю кожны мог атрымаць крыжык пры уваходзе ў святыню. Не зважаючы на адрозненні, якія існуюць паміж традыцыямі Касцёла ў Беларусі і Злучаным Каралеўстве, касцёльную літургію мы заўсёды можам зразумець (слова «каталіцкі» — catholic — з грэчаскай азначае «універсальны» (universal)) — гэта і ёсць найважнейшы скарб веруючага чалавека. Карыстаючыся магчымасцю, хацела б даслаць прывітанне ўсім парафіянам касцёла Узвышэння св. Крыжа ў Вілейцы. Асабліва духоўнаму кіраўніку пробашчу кс. Аляксандру Барыле, вікарыю кс. Андрэю Кеўлічу і майму любімаму хору «Angeli» і яго кіраўніку — Ганне Аўсейчык. Дзякую ад усяго сэрца за тое, што ў свой час заахвоцілі мяне да актыўнага ўдзелу ў жыцці Касцёла. Божа, адудзяч!
Рэдакцыя Catholic.by звяртае ўвагу, што тэксты, змешчаныя ў рубрыцы «Касцёл вачыма беларусаў», з’яўляюцца суб’ектыўнымі ўражаннямі нашых аўтараў і адлюстроўваюць іх уласны досвед знаёмства з каталіцкай традыцыяй Касцёла тых краін, пра якія яны распавядаюць. Ілья Лапато OCDS |