Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Албаніі падпалілі францішканскі касцёл
24.01.2013 13:51

Малады мужчына, праўдападобна пад уплывам наркотыкаў, падпаліў францішканскі касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў горадзе Фіеры ў Албаніі. Здарэнне адбылося ў нядзелю 20 студзеня.

Непасрэдна перад здарэннем, адразу пасля Імшы апоўдні, хлопец зайшоў да прыёра і спытаў, ці вераць францішкане ў таго самага Бога, у якога верыць Папа. Калі пачуў станоўчы адказ, то пачаў крычаць, што не пакіне братоў у спакоі, але ў яго словах не было ніякай канкрэтыкі, ніхто не дапускаў, што словы могуць спраўдзіцца.

Як паведамляе wiara.pl, калі пасля абеду законнікі накіроўваліся да касцёла, то ўбачылі , будынак ужо ў полымі. Чалавек, які раней пагражаў братам, стаяў каля святыні нават пасля прыезду пажарнікаў і паліцыі, якой прызнаўся ў тым, што гэта ён падпаліў касцёл.

Матэрыяльная шкода ацэньваецца высока. Касцёл яшчэ доўга будзе не ў стане прымаць вернікаў на літургію. У францішканаў гэта быў адзіны касцёл на дадзенай тэрыторыі. У іншым месцы для цэлебрацыі св. Імшы яны выкарыстоўваюць жалезабетонны супрацьпаветраны бункер камуністычных часоў.

Супольнасць францішканаў канвентуальных у Албаніі паўстала ў 2008 годзе і з’яўляецца часткай кустодыі славацкай правінцыі.

Горад Фіеры з насельніцтвам у 60 тысяч жыхароў знаходзіцца на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора. Паблізу горада — руіны старажытнай Апалоніі.

(JLS)


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.