Спевы, гульні, рыцырскія забавы. У Івянцы адсвяткавалі фэст св. Міхала арханёла | Друк |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
04.10.2011 11:18

Нядзельнай раніцай шмат людзей спяшаліся на першы восеньскі фэст у касцёл св. Міхала арханёла ў Івянцы. Свята распачалося 2 кастрычніка 2011 г. святой Імшой, якую ўзначаліў пробашч мінскага касцёла св. Сымона і св. Алены кс. Уладзіслаў Завальнюк.

Людзі, якія прыйшлі ў касцёл, хацелі перш за ўсё падзякаваць Пану Богу і свайму нябеснаму заступніку св. Міхалу арханёлу за ўраджайны год, за плёны сваёй працы. Падчас Імшы адбылося асвячэнне дажынкавых вянкоў, благаслаўленне настаўнікаў з нагоды іх дня і працэсія вакол касцёла.

Пасля ўсе перайшлі на пляц перад парафіяльным спартыўным цэнтрам, дзе свае віншаванні са святам склалі прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, а таксама госці з Польшчы, з горада-пабраціма Стэрдынь. Для прысутных заспявалі  Алеся Унукоўская і гурт «Тэзаўрус». Падчас мерапрыемства кожны мог набыць вырабы з саломы і гліны, саматканыя сурвэткі.

Не ўпусцілі магчымасці паказаць сябе і скаўты: яны арганізавалі цэлы лагер, дзе можна было бліжэй пазнаёміцца са скаўтынгам, а таксама пачаставацца смажанымі на вогнішчы каўбаскамі і скаўцкім супам. Пасля канцэрту на пляцы з’явіліся людзі ў адзенні мясцовай шляхты XVIII стагоддзя. Яны забаўлялі народ, праводзілі гульні і розныя спаборніцтвы з дзеткамі.

Увесь дзень на пляцы была вельмі прыемная атмасфера: кожны мог не толькі прыйсці ў касцёл і падзякаваць Богу за ўраджайны год, але і адпачыць.

Вераніка Гецман

 
© 2003-2024 Catholic.by